viasna on patreon

ЦВК просіць Міністэрства абароны прадастаўляць Ф. Вячорку звальненні для вядзення выбарчай кампаніі

2010 2010-04-02T15:14:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franak_vojska.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты Мазырскага раённага савету Францішак Вячорка атрымаў адказ Лідзіі Ярмошынай на сваю скаргу ў ЦВК.
Старшыня Цэнтральнай камісіі паведамляе, што Закон “Аб статусе ваеннаслужачых” не ўтрымлівае прадпісанняў наконт прадастаўлення адпачынку вайскоўцам тэрміновай службы, зарэгістраваным кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў. Таксама яна піша, што заканадаўства не рэгламентуе парадак звальненняў для вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў санітарнай частцы, пакуль разглядаецца пытанне пра іхную далейшую службу.

“Разам з тым”, як напісана ў лісце, “Цэнтральная камісія звярнулася ў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі з просьбай даць адпаведныя ўказанні камандаванню в/ч 48694 аб прадастаўленні Вам кароткачасовых звальненняў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі”. Далей сп-ня Ярмошына недвухсэнсоўна нагадвае, што сустрэчы з выбаршчыкамі могуць паспяхова праводзіць і давераныя асобы кандыдата.
Кандыдат у дэпутаты Ф.Вячорка так пракаментаваў адказ з ЦВК: “Што ж, добра, што ЦВК аператыўна адрэагаваў. І нават паставіў на месца сакратара Мазырскай выбарчай камісіі (яна ж загадчыца арганізацыйнага аддзелу адміністрацыі) Вераніку Байкову, якая
незаконна адмовіла мне ў праве папоўніць спіс давераных асобаў да 5 чалавек.

Але - і гэта галоўнае - ЦВК ухіляецца ад яснага адказу, ці маю я права на адпачынак паводле арт. 77 Выбарчага кодэксу. Сапраўды, у Законе “Аб статусе ваеннаслужачых” і ў Выбарчым кодэксе асобна не гаворыцца пра адпачынак для вайскоўцаў. Але з гэтага вынікае, што дзейнічаюць больш агульныя, у тым ліку канстытуцыйныя, нормы: аб роўнасці грамадзянаў перад законам і аб роўных выбарчых правах, у якіх мяне зараз
абмяжоўваюць. Калі мяне зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты – я павінен мець такія самыя правы, як і мой супернік”.
Ф.Вячорка перакананы, што звальненні на пару гадзінаў у сярэдзіне дня (з неадлучным канвоем у выглядзе прапаршчыка) ніяк не заменяць штодзённай працы з выбаршчыкамі, якія прыходзяць з працы ўвечары, сустрэчаў з калектывамі і г.д. Дарэчы, у чацвер намеснік камандзіра батальёну па ідэалогіі У.Ігнацік не пусціў кандыдата нават у выбарчую камісію.

“А давераныя асобы, якім сп-ня Ярмошына прапаноўвае перадаверыць усю кампанію, могуць цалкам замяніць кандыдата ад “вэртыкалі”: апошнія, як правіла, і не зьяўляюцца на вочы народу. Але мы, людзі дэмакратычных перакананняў, лічым неабходным і маем права ісці да людзей самі”, - лічыць Ф.Вячорка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства