Брэст: Інтэрнат “Савушкін прадукт” закрыты для апазіцыйнага кандыдата
У Брэсце па Партызанскай выбарчай акрузе №8 па выбарах дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў апанентам сябра Партыі БНФ Уладзіміра Вялічкіна выступае Аляксандр Саўчыц, генеральны дырэктар ААТ “Савушкін прадукт”.
Падчас агітацыйнай кампаніі кандыдаты маюць права сустракацца з выбаршчыкамі ў месцах, вызначаных для гэтага акруговай выбарчай камісіяй. Сярод такіх месцаў, як паведаміла газета “Зара” (13.03.2010), названы і інтэрнат ААТ “Савушкін прадукт”, а таксама інтэрнат Камбіната будаўнічых матэрыялаў, сярэдняя школа № 31 і сярэдняя школа № 10 горада Брэста.
Уладзімір Вялічкін звярнуўся да дырэктара інтэрната ААТ “Савушкін прадукт” Яўгена Мушынскага з просьбай аб прадастаўленні памяшкання ў інтэрнаце для сустрэчы з выбаршчыкамі, але атрымаў адмоўны адказ. Дырэктар інтэрната сказаў: “У мяне вольных памяшканняў няма”. Кандыдат ад Партыі БНФ плануе накіраваць афіцыйны ліст аб прадастаўленні яму памяшкання для сустрэчы з выбаршчыкамі ў інтэрнаце.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”