viasna on patreon

Прававая калізія “ўдасканаленага” Выбарчага кодэкса

2010 2010-03-31T15:18:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ck-sveciku.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскія праваабаронцы звярнуліся да старшыні Цэнтральнай камісіі з заявай, дзе адзначылі, што ў якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваныя некалькі грамадзянаў Расійскай Федэрацыі (цяпер ужо дакладна вядома, што іх 26). Артыкул 58 Выбарчага кодэкса, адзначылі праваабаронцы, абвяшчае: “Грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія стала пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права ў парадку, прадугледжаным дадзеным Кодэксам, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў у адпаведнасці з міжнароднай дамовай Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі”. Іншымі словамі, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія ў зараз прымаюць удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26 склікання, надзеленыя  ВК РБ правамі і абавязкамі нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і правам весці перадвыбарчую агітацыю. Аднак у частцы 5 артыкулу 45 ВК РБ у катэгарычнай формы гаварыцца аб тым, што “Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства не маюць права прымаць удзел у агітацыі”. За парушэнне дадзенага палажэння ВК РБ у артыкуле 9.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.

Такім чынам, адзначаюць праваабаронцы, у Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь маецца прававая калізія. Яна выяўляецца ў тым, што грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія маюць права на ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, надзеленыя правам ажыццяўляць перадвыбарную агітацыю. З іншага боку, як замежныя грамадзяне, паводле часткі 5 артыкулу 45 ВК РБ,  яны не маюць права прымаць удзел у агітацыі і могуць быць падвергнутыя адміністрацыйнаму пакаранню ў выглядзе штрафу.

Праваабаронцы прапанавалі ЦВК звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з прапановай прыбраць прававую калізію ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і тым самым аднавіць правы на перадвыбарчую агітацыю грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія ўдзельнічаюць у якасці кандыдатаў у дэпутаты ў выбарах мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У сваім адказе за подпісам Старшыні камісіі Л. М. Ярмошынай ЦВК афіцыйна агучыў сваё бачанне праблемы, звязанай з правядзеннем перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі.

“Адносна пытання аб наяўнасці калізіі паміж артыкуламі 45 і 58 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваецца ў Вашым звароце, паведамляем наступнае. Лічым неабходным адзначыць, што Выбарчы кодэкс мае складаную структуру, паколькі рэгулюе правядзенне чатырох выбарчых кампаній, адкліканне дэпутатаў і сябраў Савета Рэспублікі, правядзенне рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў. У сувязі з гэтым у Агульнай частцы Кодэкса выкладзеныя нормы, якія вызначаюць уніфікаваныя для ўсіх названых кампаній працэдуры. Асаблівая частка Кодэкса ўсталёўвае нормы, якія маюць дзеянне толькі для пэўнай кампаніі, альбо для здзяйснення асобных працэдур. Структураванне нормаў такім спосабам дазваляе пазбегнуць дублявання, а таксама аблягчае ўспрыманне зместу палажэнняў закона. У прыватнасці, агульнымі нормамі Выбарчага кодэкса прадугледжаны ўдзел у выбарах, у тым ліку і ў перадвыбарчай агітацыі, толькі грамадзян Рэспублікі Беларусь. У Асаблівай частцы Кодэкс (артыкул 58) вызначанае, што грамадзяне Расійскай Федэрацыі, стала якія пражываюць у Беларусі, маюць роўныя выбарчыя правы пры правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь. Прыярытэтнымі ў дадзеным выпадку будуць палажэнні артыкула 58 - так званай спецыяльнай нормы. Паведамляем, што на практыцы ўжыванне вышэйназваных нормаў не выклікае якіх-небудзь цяжкасцяў альбо неадназначнага разумення. Такім чынам, па нашым меркаванні, права грамадзян Расійскай Федэрацыі на перадвыбарчую агітацыю пры правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь не патрабуе дадатковага рэгулявання ў Выбарчым кодэксе”.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік лічыць, што беларускае ЦВК вельмі нервова рэагуе на недахопы дзеючага выбарчага закона, асабліва калі на гэтыя недахопы ўказваюць праваабаронцы. Ён кажа, што беларускае ЦВК замест таго, каб прызнаць, што ў Выбарчым кодэксе існуе супярэчнасць, якая закранае правы кандыдатаў, вырашыў іх проста не “убачыць”.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства