viasna on patreon

Баранавічы: Гарадская камісія займаецца адкрытымі падробкамі?

2010 2010-03-29T09:27:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26-27 сакавіка незарэгістраваныя Баранавіцкія кандыдаты ў дэпутаты Рыгор Грык, Віктар Цяпін і Дзмітрый Аўгуст падалі скаргі ў Брэсцкую тэрытарыяльную абласную выбарчую камісію. На дзень раней такую ж заяву накіраваў Мікалай Чарнавус і, як стала вядома, рухтуе таксама незарэгістраваны кандыдат у дэпутаты Алег Малашчанка.

Як мы паведамлялі, рашэннем Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй 25 сакавіка гэтыя вылучэнцы не былі зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Баранавіцкага гарадскога і абласнога Саветаў. Камісія выявіла “памылкі” ў падпісных лістах. Прычым, “праверцы” падлягалі толькі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.

Адзін з незалежных кандыдатаў у дэпутаты, дырэктар Баранавіцкай фірмы “АНДАТРА” Дзмітрый Аўгуст, прайшоўшы да гэтага пасяджэння камісіі па кватэрах грамадзян Копач Ніны, Ціхановіч Анатолія, Піваш Валянціны, Бляхнік Таццяны, Шышко Людмілы, Гансецкай Алы, ад якіх былі сябрамі камісіі падроблены “заявы”, і правёў іх апытанне аб тым, як рабілася “праверка” падпісных лістоў. Пасля гэтага Дзмітрый Аўгуст прынёс на пасяджэнне камісіі заявы гэтых жа самых падпісантаў аб тым, што менавіта яны самі ставілі і дату і подпісы ў падпісных лістах. Незалежны кандыдат у дэпутаты Дзмітрый Аўгуст прадставіў камісіі копію заявы Копач Ніны ад 24.03.2010г., копію заявы Шышко Людмілы, копію заявы Піваш Валянціны ад 25.03.2010г., копію заявы Бляхнік Таццяны ад 25.03.2010г., копію заявы Гансецкай Алы ад 25.03.2010г., копію заявы Ціхановіча Анатолія ад 24.03.2010г. Усе гэтыя заявы былі ў падтрымку Дзмітрыя Аўгуста і адвяргалі прадстаўленыя камісіяй паперы.

Незалежны кандыдат запатрабаваў, каб прадстаўленыя ім заявы былі на камісіі разгледжаны. Так дзейнічаць яму параілі нават і ў ЦВК, куды ён звяртаўся па тэлефоне. Але ў парушэнне Выбарчага кодэкса, камісія адмовілася іх разглядаць наогул. Камісія, па прапанове старшыні Юрыя Шасцярнёва, прагаласавала за неўключэнне Дзмітрыя Аўгуста ў спісы кандыдатаў, а заявы грамадзян, якія ён прадставіў, не стала і разглядаць!

З прынятым камісіяй рашэннем Дзмітрый Аўгуст рашуча не пагадзіўся і падаў скаргу ў Брэсцкую тэрытарыяльную абласную выбарчую камісію, дзе просіць прыцягнуць адпаведных спецыялістаў і правесці падчыркаведчаскую экспертызу падпісных лістоў, рашэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ад 25 сакавіка 2010г. прызнаць незаконным і зарэгістраваць ягох кандыдатам у дэпутаты.

Аналагічныя скаргі падалі Рыгор Грык і Віктар Цяпін.

Усе трое незарэгістраваныя прэтэндэнты таксама маюць намер звярнуцца ў ЦВК, каб прызнаць працу камісіі і яе старшыні Юрыя Шасцярнёва не толькі нездавальняючай, але і парушаючай Выбарчы кодэкс РБ.

Адначасова назіральнік у Баранавіцкай гарадской камсіі Сяргей Гоўша напісаў заявы ў ЦВК і ў пракуратуру па дадзеных фактах, дзе просіць правесці праверку падпісных лістоў і подпісаў тых грамадзянаў, чые заявы прадставіла камісія і прыцягнуць адпаведных спецыялістаў, каб правесці падчыркаведчаскую экспертызу дакументаў. Назіральнік таксама патрабуе пракурора прыняць адпаведнае прававое рашэнне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у грубым парушэнні падчас выбараў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.64) і Выбарчага Кодэкса РБ згодна арт.49 ВК, у якім указваецца: “Лица, препятствующие путем насилия, угроз, обмана, подкупа или иным способом свободному осуществлению гражданином Республики Беларусь права участвовать или не участвовать в выборах… а также члены комиссий, должностные лица государственных органов и общественных объединений и иные лица, совершившие подлог документов по выборам,… либо совершившие другие нарушения требований настоящего Кодекса и иных актов законодательства Республики Беларусь о выборах,…- несут ответственность, установленную законодательством Республики Беларусь” у сувязі з тым, што ў выніку падробкі дакументаў камісіяй грамадзяне незаконна не зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты. Сяргей Гоўша настойвае таксама на тым, каб ЦВК абавязала тэрытарыяльную камісію перагледзець сваё незаконнае рашэнне і зарэгістраваць вышэйпералічаных кандыдатамі ў дэпутаты.

Да сваёй заявы назіральнік прыкладае копіі заяваў выбаршчыкаў, якія пацвярджаюць уласнаручнае прастаўленне дат і подпісаў за вылучэнне названых прэтэндэнтаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства