Актывісты з Вілейкі плануюць скардзіцца ў пракуратуру на неправамоцныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.
5 сьнежня ў адміністратыўнай камісіі пра Вілейскім выканкаме адбылося паседжаньне па справе распаўсюднікаў інфармацыйнага бюлеценя, прысьвечанага Дню Салідарнасьці з палітзьняволенымі і сем’ямі зьніклымі без зьвестак.
Нагадаем, што 12 лістападаў у Вілейцы за распаўсюд інфармацыйнага бюлеценя былі затрыманыя лідэр мясцовай арганізацыі АГП Уладзімір Малярчук і актывіст Таварыства Беларускай мовы Мікалай Сусла. Уладзімір Малярчук сьцьвярджае, што за час, які прайшоў з дня затрыманьня пратакол быў перароблены супрацоўнікамі міліцыі:
«У пратакол было дапісана некалькі радкоў. Калі спачатку нас абвінавачвалі ў распаўсюдзе газет з няпоўнымі выходнымі дадзенымі, то цяпер там з’явілася «нанясеньне стратаў дзяржаве і правам чалавека». Гэтыя радкі напісаныя зьверху таго тэкста, які раней быў на бланку. Я спытаў: «У чым заключаецца нанясеньне стратаў дзяржаве?» Адказалі: «А вось тут напісана, што Лукашэнка зачыняе незалежныя газеты, а ён жа не зачыняе…» Я сказаў: «Добра, а дзе экспертыза, якая была праведзена?» А ніякай экспертызы не праводзілася. У выніку разгляд нашай справы перанесьлі на наступнае паседжаньне. А я рыхтую скаргу пракурору пра гэтае службовае парушэньне – перароблены пратакол».