viasna on patreon

«Журналістаў хочуць зрабіць крайнімі…»

2010 2010-03-17T15:58:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/charter97.jpg

Увечары 16 сакавіка (каля 21.30) міліцыя спрабавала ўвайсці таксама ў прыватную кватэру беларускага журналіста Алега Бябеніна, але той не адчыніў дзверы.

Пра гэта стала вядома на прэс-канферэнцыі 17 сакавіка, зладжанай з нагоды ўчорашняй хвалі вобшукаў у кватэрах шэрагу журналістаў і грамадскіх актывістаў. (Прэс-канферэнцыя адбылася ў офісе Партыі БНФ у Мінску).

Рэдактарка інтэрнет-рэсурсу «Хартыя-97» Наталля Радзіна, якая падверглася адразу двум вобшукам цягам аўторка, падзякавала калегам за аператыўнасць пры асвятленні ўчорашніх падзей і праяўленую салідарнасць.

«Пра сітуацыю праінфармаваныя міністэрствы замежных спраў еўрапейскіх краін, пра яе ведаюць і рыхтуюцца выступіць з заявамі пратэсту Міжнародная федэрацыя журналістаў, „Рэпарцёры без межаў“, Камітэт абароны журналістаў», — паведаміла Наталля. (Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк) ужо выступіў з такой заявай — заўв. БАЖ).

У Наталлі Радзінай гематома над правым вокам, якую яна атрымала ад аднаго з міліцыянтаў, што з прымяненнем сілы ўваходзілі ўчора ў офіс рэдакцыі сайта «Хартыі-97». Журналістка паведаміла, што збіраецца зняць пабоі сёння — учора ў паліклініцы ёй сказалі, што спачатку трэба звярнуцца да ўчастковага міліцыянта альбо ў пракуратуру і атрымаць накіраванне на судмедэкспертызу.

Лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, у прыватнай кватэры якога ўчора таксама адбыўся вобшук, выказаў упэўненасць, што апошнія падзеі не маюць дачынення да так званай «паляўнічай справы» — нягледзячы на тое, што фармальна ператрусы праводзяцца паводле заявы аднаго з яе фігурантаў. «Ідзе паляванне на незалежную журналістыку, на найбольш папулярныя апазіцыйныя медыя — гэта „Народная воля“, сайт Хартыя-97, „Беларускі партызан“», — лічыць сп. Саннікаў.

Намесніца галоўнага рэдактара „Народнай волі“ Марына Коктыш, у якой учора таксама абшукалі прыватную кватэру, перакананая, што журналістаў проста хочуць «зрабіць крайнімі».

«Ідуць разборкі паміж КДБ і МУС, аднекуль адбылася ўцечка інфармацыі, нейкія матэрыялы з’явіліся ў Інтэрнеце… Адкуль адбылася ўцечка — відавочна, яны не могуць вызначыць. І таму журналісты трапілі ў „жорны“ паміж МУС і КДБ», — выказала меркаванне журналістка.

Нагадаем, што адразу некалькі ператрусаў адбылося ўвечары 16 сакавіка ў працоўных памяшканнях і прыватных кватэрах беларускіх журналістаў.  

Вобшукі прайшлі ў офісе сайта «Хартыя-97», у прыватнай кватэры сужэнцаў журналісткі Ірыны Халіп і палітыка Андрэя Саннікава, на працоўным месцы шэф-рэдактаркі «Народнай волі» Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры намесніцы рэдактара «НВ» Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна. Ва ўсіх забіралі носьбіты інфармацыі.

Была таксама спроба трапіць у кватэру да каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнкі, але ён не адчыніў дзверы. Гэтак жа зрабіў і журналіст Алег Бябенін.

Камітэт па абароне журналістаў асудзіў ператрусы ў беларускіх журналістаў

Новыя ператрусы ў журналістаў і грамадскіх актывістаў


 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства