Судовае паседжанне па скарзе БАЖ да Мінюста прызначаны на 17 сакавіка
Вярхоўны суд пачне разглядаць скаргу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на папярэджанне Міністэрства юстыцыі 17 сакавіка ў 10.00.
Адрас Вярхоўнага суда — г. Мінск, вул. Леніна, 28, пад’езд № 2. Справу вядзе суддзя Анатоль Церах. На папярэдняй сустрэчы бакоў у судзе 25 лютага ён казаў, што слуханні 17 сакавіка маюць быць адкрытымі. Калі вы збіраецеся прысутнічаць на слуханнях, пры сабе варта мець пашпарт і пасведчанне сябра ГА «БАЖ» (калі вы ім з’яўляецеся).
Загад намесніка міністра юстыцыі аб вынясенні ГА «БАЖ» пісьмовага папярэджання з’явіўся 13 студзеня. Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да ГА «БАЖ» — датычна формы сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ», а таксама некаторай інфармацыі, пададзенай на сайце baj.by.
11 лютага ГА «БАЖ» накіравала ў Вярхоўны суд скаргу на папярэджанне.
Што пагражае БАЖ? Юрыдычная даведка
Паводле арт. 28 закона «Аб грамадскіх аб’яднаннях», дзейнасць грамадскага аб’яднання (далей ГА), якое атрымала пісьмовае папярэджанне, можа быць прыпынена на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў рашэннем суда (у дадзеным выпадку Вярхоўнага) па заяве рэгіструючага органа (у дадзеным выпадку — Мінюста), калі ў вызначаны тэрмін (у дадзеным выпадку — 1 мес.) ГА не выправіла парушэнняў, што сталі падставай для папярэджання, альбо калі ГА не паведаміла рэгіструючаму органу пра выпраўленне парушэнняў з прадастаўленнем дакументаў, што пацвярджаюць гэта.
Рэгіструючы орган (тут — Мінюст) мае права падаць у суд заяву аб прыпыненні дзейнасці ГА, калі пісьмовае папярэджанне ў вызначаным парадку не было абскарджана ў суд, альбо калі суд прызнаў яго абгрунтаваным.
Паводле арт. 29 таго ж закона, ліквідавана грамадскае аб’яднанне па рашэнні суда можа быць, калі яно, у прыватнасці:
— ажыццявіла дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці;
— парушыла заканадаўства і (альбо) свае дакументы аб заснаванні цягам 1 года пасля вынясення пісьмовага папярэджання;
— не выправіла парушэнняў, якія сталіся падставай для прыпынення дзейнасці, у вызначаны судом тэрмін і інш.
Суд па скарзе БАЖ да Мінюста прызначаны на 17 сакавіка
Мінюст вынес БАЖ афіцыйнае папярэджанне (КОПІЯ ДАКУМЕНТА, ДАДАЛОСЯ ВІДЭА
БАЖ абскарджвае папярэджанне Мінюста