“Плошча” нашай вясны
“Плошча”… Такую недвухсэнсоўную назву празаік Барыс Пятровіч даў сваёй новай кнізе. Для сучасніка-беларуса слова “плошча” стала сінонімам пэўнай жыццёвай пазіцыі, стойкасці, непрыняцця фальшы і няпраўды. І хаця падзеям вясны 2006 года, на фоне якіх і разгортваецца гісторыя аднаго каханьня, споўнілася чатыры гады, актуальнасць кнігі толькі абвастраецца. Барыс Пятровіч распавядае пра няпросты шлях напісаньня гэтай аповесці, сваё бачаньне падзеяў, што надоўга застануцца ў памяці беларусаў.
Спадар Барыс! Сваю новую кнігу пра гісторыю аднаго каханьня вы назвалі досыць гучнай назваю “Плошча”, перадаўшы ўжо непасрэдна гэтым словам галоўны і неадназначны сэнс кнігі. Што падштурхнула вас на напісаньне такога твора?
Пятровіч: Сама назва маёй новай кнігі нагадвае, што штуршком дзеля напісаньня твору была тая самая Плошча – падзеі вясны 2006 году, калі адбыліся выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і вельмі шмат людзей не паверылі ў праўдзівасьць іх вынікаў, і вырашылі выйсьці на менскую Кастрычніцкую плошчу з мэтай выказаць свае адносіны да фальсіфікацыяў, якія, на іх думку, адбыліся пад час галасаваньня. Гэты рух, як мне падалося, быў стыхійным, як і тое, што адбылося далей, а менавіта сама Плошча, намётавы гарадок, які пратрымаўся некалькі дзён. І вось мае героі становяцца ўдзельнікамі гэтага пратэсту, і жыхарамі намётавага мястэчка.
Аднак ня трэба ўспрымаць гэты твор як дакументальны, гэта ўсё-ткі цалкам мастацкі твор, паколькі прататыпаў у герояў няма, героі ад пачатку выдуманыя, альбо ў нейкіх момантах бралася за аснову жыцьцё некалькіх чалавек, можа нават дзесяткаў... Усё гэта ўціснута ў падзеі тых дзён, у жыцьцё двух асобаў: хлопца і дзяўчыны. У першай частцы галоўны герой – юнак і дзеяньне тут адбываецца да Плошчы, за год-два да той памятнай вясны. А другая частка вядзецца ад імя дзяўчыны, што была на Плошчы і якая ў момант, калі адбываецца дзеяньне твора, знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, бо, зразумела, яе затрымалі. Сам твор – пэўная стылізацыя пад дзёньнікі і думкі галоўных герояў. Не ведаю, наколькі мне гэта ўдалося, але я стараўся з аднаго боку быць максімальна шчырым, а з іншага боку мне хацелася максімальна наблізіцца да думак, да пачуцьцяў тых маладых людзей, якія былі ў той час на Плошчы.
Сам гэты твор напісаны даўно, яшчэ ў 2007 годзе. Я яго не друкаваў з тае прычыны, што мне не хацелася, каб аповесьць успрымалася найперш як рэч дакументальная, я меў жаданьне стварыць мастацкую рэч. І якраз боязь таго, што чытач будзе ўспрымаць яе як занадта дакументальную, мяне і прымушала пачакаць, прытрымаць аповесьць у стале. Цяпер, калі прайшло ўжо чатыры гады, я думаю, што многія і забыліся на тыя падзеі, а для некаторых яны адыйшлі ў далёкае мінулае, я зрабіў спробу нагадаць – я не баюся гэтага слова – пра подзьвіг маладых людзей, якія паўсталі супраць несправядлівасьці, што, на іх погляд, чынілася ў той час на Беларусі.
Кар: Тым не меней, кніга чытаецца настолькі натуральна, і часам складваецца ўражаньне што аўтар непасрэдна сам перажыў усё гэта, перахварэў тымі падзеямі, непасрэдна сам з’яўляўся іх удзельнікам. Ці так гэта, альбо гэта проста моц мастацкага пераўвасабленьня аўтара?
Пятровіч: Вядома, я, як і вельмі многія ў тыя дні, быў на плошчы, быў пад той памятнай замецьцю, мяцеліцай, якая адбылася 20 сакавіка, а ўвогуле, тыя падзеі пакіну сьлед у сьвядомасьці вельмі многіх беларусаў. Перажываліся гэтыя падзеі і значна пазьней. Як я казаў вышэй, другую частку аповесьці складаюць успаміны, згадкі, дзёньнікі дзяўчыны, якая патрапіла на Акрэсьціна. Прызнаюся, усе тыя падзеі пісаліся на аснове дакументаў, якіх нямала зьявілася пасьля тых дзён і ў друку, і ў інтэрнэце, былі створаныя нават фільмы пра той час. У кнізе, сапраўды, многае грунтуецца на рэальных падзеях, але зноў жа, паўтаруся, – галоўныя героі выдуманыя, гэтыя вобразы зборныя, і зразумела, што шукаць нейкую дакладную дакументальнасьць у апісаных падзеях будзе вельмі цяжка. Але магчыма, у пэўных момантах, якія маюць месца ў кнізе, нехта і пазнае сябе.
Кар: Лейтматывам праз усю кнігу праходзіць каханьне. Ці зможа насамрэч гэта светлае пачуцьцё, няхай і ў такіх, часам экстрэмальных, стасунках, дапамагчы сучаснікам знаходзіць сябе, кахаць людзей, сваю радзіму?
Пятровіч: Маім героям яно дапамагло і, наколькі бачна з твора, гэта абсалютна лагічна. Больш за тое, за гэтай маёй спробай, можна так сказаць, стаяць дзесяткі кніг, напісаных у розныя эпохі і гады пра змагароў, рэвалюцыянераў, ня толькі расейскіх, беларускіх, ці, скажам, французкіх, а ўвогуле любых, якім якраз каханьне дапамагала стаць на шлях ісьціны, раскрывала вочы на сучаснае жыцьцё, У гэтым сэньсе, калі браць за аснову вось гэты матыў твора, дык тут ніякіх адкрыцьцяў няма...
Кар: Галоўныя героі кнігі – нашыя сучасьнікі, моладзь, што нарадзілася пасьля развалу вялікага і магутнага Саюза. Ці знойдуць яны сябе ў гэтай кнізе, і, у сваю чаргу, ці дапаможа гэтая кніга ім самім адшукаць сябе?
Пятровіч: Думаю, пра гэта трэба запытацца хутчэй у саміх чытачоў. У пэўным сэньсе я спадзяюся на гэта, хаця такой канкрэтнай мэты сабе не ставіў. Мне проста хацелася паказаць нашае сучаснае жыцьцё і стаўленьне моладзі да таго, што адбываецца ў грамадстве. Зразумела, стаўленьне гэтае неадназначнае, і калі многія змогуць пазнаць сябе ў аповесьці, то многія могуць гэтага не прыняць. Тым ня меней, гэта маё бачаньне рэчаіснасьці, якое складваецца з таго, што я ведаю сёньняшнюю моладзь, я кантактую з ёй, і заўважаю іх стаўленьне менавіта да сёньняшніх беларускіх рэаліяў. Спадзяюся, што думкі маіх герояў, закладзеныя ў тэкст гэтай кнігі, супадаюць з думкамі маладых людзей на Беларусі.
Кар: Мабыць упершыню ў сваёй творчасьці Вы так грунтоўна закранулі тэму, што тычыцца падзеяў, няхай і не зусім глыбокай даўніны, але стаўшай набыткам гісторыі. Ці цяжка даюцца такія рэчы?
Пятровіч: Дагэтуль асноўныя мае творы па стылю былі бліжэй да сучаснага мадэрнізму, альбо неарамантызму. І найчасьцей пісаў пра тое, чаго не было нават у маім жыцьці, нярэдка гуляў у літаратуру і гэта мне прыносіла пэўнае задавальненьне. Пра гэта сьведчаць мае “Фрэскі”, “Мроі” і некаторыя ранейшыя аповесьці і апавяданьні. Новая кніга стала першым досьведам і спробаю напісаньня таго, пра што ведаю ня толькі я, пра што думаю ня толькі я, але і шмат хто з сучасьнікаў. Не магу ацаніць зараз, наколькі ўдалай была гэтая спроба і ацэнку ёй дадуць іншыя. Хацелася б толькі адзначыць, што больш я падобнага пісаць, мажліва, не буду, паколькі падобныя творы сапраўды даюцца надзвычай цяжка. Значна лягчэй пішацца аб тым, што прыдумаў ты адзін, пра што ведаеш адзін, што жыве ў табе адным, і вельмі няпроста пісаць пра тое, што ведаюць усе і сьведкамі тых падзеяў было шмат людзей. Гэта дае падставы думаць, што кніга мая будзе ўспрынятая вельмі недназначна, будуць і станоўчыя водгукі, і крытыка. Аднак гэта добра.
Кар: Сімвалічна, што кніга пабачыла сьвет літаральна за некалькі дзён да нацыянальнага беларускага сьвята Дня волі, якое адзначаецца 25 сакавіка, дзякуючы якому і адбылася Плошча. А якая яна, твая Плошча?
Пятровіч: Я, відаць, паўтаруся, і пра гэта ў некалькіх месцах гаворыцца ў аповесьці, падзеі вясны 2006 году былі адказам маладых людзей на вынікі прэзідэнцкіх выбараў, гэта быў пратэст, і гэта я называю своеасаблівым подзьвігам моладзі, якая паўстала супраць няпраўды, бо “дастала”, якая пры гэтым рызыкавала сваёй будучыняй, здароўем, кар’ерай, бо ад пачатку было зразумела, што будуць рэпрэсіі, і якая не пабаялася выказаць сваё стаўленьне да апісваемых падзеяў. Можа, я і памыляюся, але напрыканцы ў кнізе гаворыцца пра тое, што герояў той Плошчы Беларусь не забудзе, пра тое, што некалі ім будзе пастаўлены помнік... Я думаю, што час і будучыня дадуць дакладную і правільную ацэнку гэтаму Учынку.
Прэзентацыя новай аповесці Барыса Пятровіча “Плошча” адбудзецца ў пятніцу, 19 сакавіка ў 17 гадзін.
Месца правядзеньня: Сядзіба Партыі БНФ (былая вул. Варвашэні, 8)