viasna on patreon

У Браславе створана не прадугледжаная законам кардынацыйна-кансультатыўная група па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў

2010 2010-02-26T17:36:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт сваім распараджэннем ад 01 лютага 2010 года № 41р “Пра меры па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26 склікання” стварыў кардынацыйна-кансультатыўную групу па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26 склікання (распараджэнне падпісана старшынёй Браслаўскага райвыканкама П. Гішкелюком). Выканкам высылаецца на тое, што пры стварэнні дадзенай “группы” ён кіраваўся артыкулам 38 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Глядзім артыкул 38 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У частцы 1 напісана: “Дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, арганізацыі, службовыя асобы абавязаны садзейнічаць камісіям у ажыццяўленні імі сваіх паўнамоцтваў, прадастаўляць неабходныя для іх працы звесткі і матэрыялы”. У частцы 2 гаворыцца пра права камісій звяртацца па пытаннях, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў, у тыя ж структуры. Нідзе пры гэтым не гаворыцца, што дадзены артыкул прадугледжвае стварэнне якіх-небудзь “кардынацыйна-кансультатыўных групп” або нейкіх яшчэ структур.

Цэнтральная камісія ў сваіх метадычных рэкамендацыях тлумачыць, што з'яўляецца “садзейнічаннем” камісіям: “Раённыя, гарадскія, пасялковыя, сельскія выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі арганізуюць прадастаўленне памяшканняў для размяшчэння выбарчых камісій, а таксама неабходнага абсталявання, сродкаў сувязі, транспартных сродкаў”. Гэта значыць ізноў не ідзе гаворкі пра стварэнне якіх-небудзь “кардынацыйных” структур.

Што створаная ў Браславе “группа” збіраецца “каардынаваць і кансультаваць” -- з распараджэння незразумела, але яе персанальны склад  дае багатую прастору для здагадак. Так, у склад “группы” ўвайшлі: намеснік старшыні райвыканкама (кіраўнік групы) Н. Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама В. Высоцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама І. Мацук, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы райвыканкама Е. Палегошка, начальнік Браслаўскага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Д. Южанкоў, галоўны юрысконсульт райвыканкама Т. Сідаровіч, начальнік упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Л. Цяцера, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай працы райвыканкама А. Вялічка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. Абаровіч, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты "Браслаўская звяздза” і праграмы радыёвяшчання” К. Пятушко, старшыня кардынацыйнага савета старшыняў камітэтаў прафсаюзаў А. Цалпан.

Факт стварэння Браслаўскім райвыканкамам кардынацыйна-кансультатыўнай групы не пакінулі без увагі віцебскія грамадскія актывісты. Яны звярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію з просьбай прыняць меры, накіраваныя на строгае выкананне органамі выканаўчай улады патрабаванняў артыкула 38 і 11 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Як толькі гэта заява была накіравана, з афіцыйнага сайта Браслаўскага райвыканкама знікла інфармацыя пра прынятае распараджэнне. Зараз актывісты чакаюць рэакцыю на сваю заяву ад ЦВК.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства