viasna on patreon

БХД: чым больш подпісаў, тым лепш

2010 2010-02-26T11:57:33+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bxd_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ініцыятыўныя групы трох кандыдатаў у дэпутаты, сябраў незарэгістраванай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ўжо падалі ў раённыя выбарчыя камісіі Менску неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў і збіраюцца працягнуць збор, каб лепей пазнаёміцца з людзьмі.

На канец гэтага тыдня ініцыятыўнымі групамі БХД сабрана ўжо звыш тысячы подпісаў, а ў планах партыі надбаць як мінімум тры з паловай тысячы. Як мяркуюць у БХД, гэтая лічба рэальна можа дасягнуць і пяці тысяч. Адзін з кандыдатаў хрысціянскіх дэмакратаў, Пётр Барысаў, напрыклад, яшчэ на пачатку тыдня падаў у камісію 190 подпісаў за сваю асобу. Гэты сябра БХД ужо мае вопыт выбарчай барацьбы і ўдзельнічаў у мінулых парламенцкіх выбарах.

– Мы будзем збіраць як мага больш подпісаў, каб, з аднаго боку, падаць у камісіі найбольш якасныя звесткі, якія нельга будзе аспрэчыць. А з другога – мець магчымасць абыйсці і пагутарыць з большай колькасцю людзей, – зазначыў Дзяніс Кобрусеў, сакратар Менскай гарадской арганізацыі БХД. – Тым не менш, мы будзем падаваць выбарачна запатрабаваную колькасць подпісаў  – 150. Шмат подпісаў у дадзеным выпадку справа нерацыянальная, бо будзе падкрэсліваць моц кандыдата, і ў яго адносінах могуць ужыць больш рэпрэсій.

У БХД зазначаюць наступную тэндэнцыю - выбаршчыкі не вераць, што гэтыя выбары нешта дадуць. Да таго ж, большасць жыхароў нават не ведае, хто з дзейсных зараз дэпутатаў балатаваўся па іх акругах. Адсюль у людзей фармуецца такое стаўленне, што яны прагаласавалі, а пасля ні разу не бачылі таго кандыдата.

– Тым не менш, подпісы ставяць, і гэта сведчыць, што людзі хочуць пераменаў, – дадаў Дзяніс Кобрусеў. – Да таго ж, як паказвае вопыт, за лакальных лідэраў БХД, якія працуюць на месцах, больш ахвотна аддаюць подпісы, бо выбаршчыкі ведаюць, што калі гэтыя людзі патрапяць у Менскі гарадскі Савет, яны стануць працаваць на карысць акругаў, ад якіх балатаваліся. Тым больш што за плячыма некаторых кандыдатаў рэальныя паспяховыя кампаніі.

Адзін з яскравых прыкладаў рэальнай працы актывістаў БХД – кампанія па паляпшэнні руху грамадскага транспарта ў мікрараёне Брылевічы. Напрыканцы мінулага года за тры тыдні сябра партыі Ігар Шанчук, які зараз з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты, сабраў 500 подпісаў жыхароў пад прапановай па ўдасканаленню працы транспарта і дамогся значных зрухаў. Транспартная сувязь паміж мікрараёнам і цэнтрам Менску была палешана на адзінку транспарта, а штодзённы час працы аўтобусаў – падоўжаны. Акрамя таго, быў абсталяваны прыпынак каля дзевятай клінічнай бальніцы, якога раней не было.

Сябры БХД вераць, што сапраўднай дапамогай выбаршчыкам у жыллёва-камунальнай сферы і пры вырашэнні іншых надзённых пытанняў можна дасягнуць рэальнай папулярнасці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства