viasna on patreon

У Віцебску пікетаваць можна паўсюль?

2010 2010-02-23T12:20:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пачалася актыўная фаза выбарчай кампаніі - збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у  дэпутаты. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання з гэтымі мэтамі не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Паводле Выбарчага кодэкса, калі да 14 лютага такія месцы не былі вызначаны, гэта азначае, што пікетаванне па зборы подпісаў дазволена паўсюль.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўжо паведамлялі, што ў Віцебскай вобласці, як і ў іншых рэгіёнах краіны, мясцовыя ўлады забаранілі збор подпісаў у самых людных месцах. Тэкст забароны тыповы для ўсёй Віцебскай раённай вертыкалі.

"Забараніць збор подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў у месцах, якія перашкаджаюць  руху транспарта і людскіх патокаў, чыгуначным вакзале, аўтастанцыі г.Глыбокае, грамадскім транспарце, установах адукацыі, культуры, медыцыны, гандлёвых  кропках і іншых месцах, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва раёна. Кантроль за выкананнем дадзенага рашэння ўскласці на намеснікаў старшыні райвыканкама па прыналежнасці, аддзел унутраных спраў райвыканкама, старшыняў пасялковых і сельскіх выканкамаў", - вытрымка з рашэння Глыбокскага раённага выканаўчага камітэта ад 09.02.2010г.  № 123. 

Падобныя забароны прыняты ў Бешанковічах, Верхнядзвінску, Талачыне, Лепелі, Шуміліне, Паставах, Гарадку, Оршы, Наваполацку. Не ўтрымаліся ад забароны мясцовыя ўлады і ў некаторых невялікіх мястэчках вобласці, як, напрыклад, Баравуха Полацкага раёна, дзе пражывае каля 6 000 жыхароў.

Абласны цэнтр на фоне правінцыі выглядае астраўком дэмакратыі і лібералізму, адзначаюць назіральнікі Віцебскага рэгіёну. Гарадскія ўлады не прынялі рашэнне, якое забараняе месцы для пікетавання па зборы подпісаў, а, такім чынам, у горадзе Віцебску пікетаваць можна паўсюль. Ці так гэта - час пакажа.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства