Камісія па нацыянальнай бяспецы “адпісала” маці Івана Міхайлава
Маці асуджанага прызыўніка Івана Міхайлава Тацяна Міхайлава атрымала адказ на свой зварот у Камісію па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы І. Місурагін у сваім адказе прыбягае да слоўнай эквілібрыстыкі, калі піша, што артыкул 57 Канстытуцыі Беларусі “не ўстанаўлівае абавязковасць права грамадзян на альтэрнатыўную службу па рэлігійных перакананях, а прадугледжвае толькі магчымасць замены воінскай службы на альтэрнатыўную”.
Ён жа паведамляе, што ў адпаведнасці з артыкулам 36 Закона РБ “Аб вайсковым абавязку і воінскай службе” права прыняцця рашэння аб накіраванні грамадзян на альтэрнатыўную службу дадзена толькі раённым (гарадскім) прызыўным камісіям”… Паколькі ваш сын І. Міхайлаў 24 чэрвеня 2009 года на пасяджэнні прызыўной камісіі Мінскага раёна не заяўляў аб замене воінскай службы альтэрнатыўнай службай, а прасіў прызваць яго на службу ў рэзерве”.
На думку прааабаронцы Уладзімера Лабковіча, такі адказ з пункту гледжання заканадаўства, якое рэгулюе воінскую службу, выглядае проста недарэчна. Такі від службы як альтэрнатыўная, прадугледжаны толькі арт. 57 Канстытуцыі Беларусі.
Калі браць пад увагу закон “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, дзе пералічаны усе віды вайсковай службы ў артыкуле 1 і на які спасылаецца І. Місурагін, дык тут увогуле адсутнічае згадка пра альтэрнатыўную службу. Пра яе не згадваецца таксама ні ў адным з беларускіх законаў.
Таму зусім незразумелым выглядае ў адказе сцверджанне, што Іван Міхайлаў не прасіў аб магчымасці альтэрнатыўнай службы. Ён і не мог пра яе заяўляць, паколькі такая служба ўвогуле нічым не рэгламентуецца.
Менавіта таму праваабаронцы неаднаразова заклікалі і заклікаюць адпаведныя органы ўлады як мага хутчэй прыняць Закон аб альтэрнатыўнай службе, якую гарантуе Канстытуцыя краіны.
Нагадаем, што Іван Міхайлаў, вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі «Новы запавет», 1 лютага быў пакараны трыма месяцамі турмы за адмову служыць у войску. Ён па тлумачыў ухіленне сваім веравызнаннем і патрабаваў альтэрнатыўнай службы.