Гомельскія сябры АГП будуць удзельнічаць у мясцовых выбарах толькі пры ўмове ўключэння партыйцаў ва ўчастковыя камісіі
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў паведаміў, што рашэнне пра ўдзел у кампаніі па мясцовых выбарах будзе прымацца пасля ўтварэння ўчастковых камісій і ў залежнасці ад таго, ці ўключаць у іх склад сябраў партыі.
Нагадаем, у тэрытарыяльныя камісіі - Гомельскую абласную і гарадскую - прадстаўнікі АГП уключаны не былі, аднак пры фармаванні акруговых камісій у іх склад увайшлі прыкладна палова ад прапанаваных кандыдатур ад АГП.
На справаздачна-выбарчай канферэнцыі абласной арганізцыі АГП, якая прайшла 21 лютага ў Гомелі, была прынята рэзалюцыя аб тым, што кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы разглядаецца як падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў. А ў выпадку адсутнасці адзінага кандыдата ад АДС у прэзідэнцкай кампаніі сябры абласной арганізацыі АГП плануюць адмовіцца ад удзелу ў камандах дэмакратычных прэтэндэнтаў ( на этапе збору подпісаў, агітацыі і ў іншых мерапрыемствах).
Раней абласная кааліцыя дэмакратычных сілаў таксама выступіла з такой пазіцыяй: удзел у мясцовых выбарах - толькі пры ўмове ўключэння прадстаўнікоў кааліцыі ў склад выбарчых камісій, удзел у прэзідэнцкіх выбарах - толькі пры наяўнасці адзінага дэмакратычнага кандыдата.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”