Затрымалі за "Хрысьціянскую Абарону"
22 лютага ўвечары ў Гародні супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі намесьніка старшыні МФ Алеся Кіркевіча й маладафронтаўку Вераніку Велігор за распаўсюд незалежнай прэсы. Іх даставілі ў пастарунак, канфіскавалі дваццаць тры асобнікі газэтаў (для дасьледаваньня), склалі пратакол і прыблізна праз гадзіну адпусьцілі.
Актывісты МФ звычаёва раздавалі ў горадзе мясцовую газэту "Хрысьціянская Абарона".
"Раней падобных праблемаў не было. Гэтым разам, наколькі я заўважыў, побач праходзіў намесьнік старшыні аблвыканкаму па ідэалёгіі. Газэта трапіла да яго. Праз некалькі хвілінаў нас забралі" -- апавядае Алесь Кіркевіч.
Апрача таго ў газэце была зьмешчана карыкатура на Уладзіміра Саўчанка -- былога кіраўніка гарадзенскай вэртыкалі, які звольнены з гэтае пасады "па ўласным жаданьні".