У Баранавічах улады запалохваюць моладзевых актывістаў
9 лістапада, напярэдадні прыезду Мілінкевіча, Баранавіцкі Малады фронт правёў невялікую акцыю па распаўсюду літаратуры сярод студэнтаў Баранавіцкага Дзяржаўнага Універсітэта. Былі раздадзеныя некалькі дзясяткаў газэтаў “Інфармацыйны бюлетэнь аб’яднаных дэмакратычных сілаў” №4 /кастрычнік, 2005.
На наступны дзень студэнты ўніверсітэту, якія зьяўляюцца сябрамі Мф, былі выкліканыя на размову ў дэканат. Марчык Сяржук, старшыня Баранавіцкага МФ, распавёў: “Раніцай 10-га лістапада, пасля першай паловы пары да мяне падыйшла выкладчыца і папрасіла зайсці ў дэканат. Я адразу зразумеў з-за чаго мяне выклікаюць. У кабінеце дэкана мяне чакала прарэктар па выхаваўчай працы. Яна адразу пачала з пытанняў: “Дзеля чаго я раздаваў газэты?”, “Адкуль я ўзяў такую іх колькасць?”, “Хто яшчэ з універсітэта займаўся распаўсюдам такой літаратуры?” “Хто і колькі нам за гэта плаціць?!!” і шмат-шмат іншых пытанняў на розныя тэмы. Калі шчыра, то я не зразумеў, дзеля чаго яна ў мяне гэта пытала, бо што б я не адказваў, яна ўсё-роўна мяне ня слухала і рабіла свае высновы. Пасля да прарэктара далучылася дэкан нашага факультэта. Цяпер ужо ў дваіх яны спрабавалі даведацца адказы на вышэйназваныя пытанні. Уся нашая размова (дзесці каля 45 хвілін) суправаджалася пагрозамі: маўляў, хутка сэсія і я, разам з маімі сябрамі, якія таксама займаліся распаўсюдам газэтаў, можам нават і не спадзявацца, што здамо іспыты. Акрамя таго яны пагражалі вялікімі цяжкасцямі на працы ў нашых бацькоў.
Пасля ўсіх размоваў дэкан выклікала майго бацьку ва ўніверсітэт. Ён пакуль не хадзіў, але, адчуваю, нічым добрым гэта запрашэнне ня скончыцца.”