Збор актывістаў СПБ у Горадні завяршыўся без затрыманьняў
Каля ста актывістаў непрызнанага ўладамі крыла Саюзу прыйшлі да спэцпрыёмніка на вуліцы Гая, каб выказаць падтрымку арыштаваным 15 лютага Анджэю Пачобуту, Мечыславу Яскевічу і Ігару Банцару.
За дзеяньнямі тых, хто сабраўся перад будынкам Кастрычніцкага райаддзелу ўнутраных спраў, сачылі міліцыянты. Яны папярэдзілі пра недапушчальнасьць мітынгу, але людзям не перашкаджалі.
Разам з сябрамі Саюзу палякаў да міліцыі прыйшоў ксёндз Аляксандар Шэмет. Ён наладзіў малебен у азначэньне так званай “папяльцовай серады” –апошняга дня перад постам у каталікоў.
Паводле нашага карэспандэнта ў Горадні, затрыманьняў падчас малебну не было, аднак, з улікам разьвязанай кампаніі супраць сябраў СПБ, нельга выключаць, што паляваньне не працягнецца ў пазьнейшы час.