Магілёўшчына: Некаторым райвыканкамам няма чаго размясціць пра выбары
На ўсіх сайтах райвыканкамаў Магілёўшчыны створаны падраздзелы, якія прысвечаны мясцовым выбарам у дэпутаты дваццаць шостага склікання. Інфармацыя у гэтых падраздзелах розная. Некаторыя сайты падаюць інфармацыю аб утварэнні раённых камісій па выбарах дэпутатаў, а таксама іх склад (Слаўгарадскі, Бялыніцкі, Кіраўскі, Круглянскі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі і Асіповіцкі), іншыя абсалютна пустыя (Бабруйскі, Касцюковіцкі), а некаторыя проста інфармуюць, дзе знаходзіцца выбарчая камісія (Быхаўскі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чавускі, Магілёўскі і Клімавіцкі). Прычым у апошняй катэгорыі райвыканкамаў інфармацыі, прысвечанай выбарам, часам не больш за некалькіх радкоў.
Цікавым з’яўляецца той факт, што Слаўгарадскі райвыканкам размясціў на сваім сайце план мерапрыемстваў па ідэалагічнаму забеспячэнню выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але пасля таго як ён стаў вядомы грамадскасці і пасля публікацыі на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”, інфармацыю з яго прыбралі.
Нагадаем, што план утрымліваў наступныя задачы: прааналізаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў раёне, вызначыць асноўныя задачы ў перадвыбарчы перыяд на ўзроўні працоўных калектываў раёна, ад якіх залежыць аўтарытэт улады, праводзіць сістэматычныя сустрэчы з насельніцтвам, інфармаваць яго аб цякучых і перспектыўных планах сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”