viasna on patreon

Барысаўскі раён: нарэзка акругаў з парушэннем закона

2010 2010-02-16T18:57:23+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рашэнне №3 Барысаўскай раённай выбарчай камісіі, апублікаванае ў суботнім нумары (ад 13 лютага) газеты мясцовай вертыкалі "Адзінства", датычыцца змены межаў выбарчых акругаў № 9 і №10 па выбарах дэпутатаў Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання і, адпаведна, колькасці выбаршчыкаў у гэтых акругах.

З тэрыторыі акругі №9 выключылі вуліцу Юшкевічаскую і ўсе яе завулкі ад вуліцы Завадской да ракі Бярэзіна, а ў акругу №10 гэту вуліцу з завулкамі ўключылі. Адпаведна колькасць выбаршчыкаў у акрузе №9 паменшылася і  склала 4 702 чалавека, у акрузе №10 павялічылася да 3 709 чалавек.

Рашэнне камісіі матывуецца прадстаўленнем Барысаўскага райвыканкама ад 12 лютага 2010 года. Можна выказаць здагадку, што прадстаўленне абумоўлена жаданнем прывесці тэрыторыі дзвюх акругаў у адпаведнасць з артыкулам 15 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Артыкул, у прыватнасці, абвяшчае: "адхіленне ліку выбаршчыкаў у выбарчай акрузе па выбарах дэпутатаў адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў, якія прыходзяцца на выбарчую акругу па выбарах у дадзены мясцовы Савет дэпутатаў, як правіла, не можа перавышаць 10%".

Аднак нескладаны падлік паказвае, што і пасля рашэння выбарчай камісіі адхіленне колькасці выбаршчыкаў акругаў №9 і №10 ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў, якія прыходзяцца на выбарчую акругу, па-ранейшаму не ўпісваецца ў правіла, прадпісанае законам. У акрузе  №9 іх колькасць перавышае сярэднюю на 12,6%, у  акрузе №10 колькасць выбаршчыкаў  ніжэй за сярэднюю на 11,1%.

Адхіленне ў больш за 10% ад сярэдняй колькасці ёсць таксама ў акругах №№ 1, 6, 7, 13, 14, 22, 23, 26, 33. Гэта значыць, больш дзесяці акругаў з 34 у Барысаўскім раёне маюць адхіленні ад усталяванага законам правіла. Прычым у некаторых акругах гэтыя адхіленні вельмі значныя. Напрыклад, у акрузе №1 колькасць выбаршчыкаў менш за сярэднюю больш як на 20%.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства