viasna on patreon

У «Витебского курьера» па-ранейшаму праблемы з распаўсюдам

2010 2010-02-15T13:01:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/druk_vyd.jpg

4 лютага ў Віцебску міліцыя затрымала распаўсюдніцу выдання Марыю Сцепанюк. У аддзеле ўнутраных спраў Чыгуначнага раёна маёр міліцыі Алег Альт склаў на яе пратакол аб парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП — «распаўсюд перыядычнага выдання без рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь», а начальнік РАУС падпалкоўнік Сяргей Блажэвіч накіраваў матэрыялы ў суд.

Усе асобнікі выдання, якія жанчына не паспела распаўсюдзіць, міліцыя забрала.

А перад гэтым, 2 лютага, Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці (суддзя Эдуард Багдасараў) адхіліў скаргу прыватнага выдавецкага прадпрыемства «Витебский корунд» да Віцебскага гарвыканкама, які адмовіўся выдаць яму ліцэнзію на радзробны гандаль з-за прысутнасці ў асартыментным пераліку газеты «Витебский курьер».

Газета «Витебский курьер» — гэта выданне, зарэгістраванае нядаўна ў Расійскай федэрацыі віцебскімі актывістамі, што раней выпускалі «Витебский курьер М». Выдаўцом газеты цяпер з’яўляецца ТАА Выдавецкі дом «Зубр», галоўным рэдактарам — Алег Баршчэўскі, дырэктарам — Віктар Рамнёў. Газету зарэгістравалі ў Смаленску 29 ліпеня 2009 года як грамадска-палітычнае выданне, дазволенае для распаўсюду ў Расіі і замежных краінах, у тым ліку і Беларусі.

Распаўсюджваць новае выданне рэдакцыя планавала праз падпіску на «Белпошце» і праз уласную сетку распаўсюднікаў. Аднак «Белпошта» адмовілася ўключыць выданне ў падпісны каталог на першую палову 2010 года.  А віцебскія ідэолагі не даюць дазволу на распаўсюд газеты нават праз прыватнікаў, спасылаючыся на адсутнасць «узгаднення з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі» (Міністэрства інфармацыі — заўв. БАЖ).

Сапраўды, арт. 17 п. 5 новага закона «Аб СМІ» вызначае: «Прадукцыя замежнага СМІ, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі РБ без змянення формы і зместу, можа быць распаўсюджаная ў РБ пасля атрымання замежным СМІ адпаведнага дазволу ў рэспубліканскім органе дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі. Парадак выдачы дазволу на распаўсюд прадукцыі замежнага СМІ… вызначаецца Саветам міністраў РБ».

Аднак у Мінінфармацыі рэдакцыю запэўнілі, што ніякіх дадатковых дазволаў на распаўсюд ад іх не трэба, бо існуе Міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне друку ад 19 лютага 1998 г. і Рашэнне сумеснай калегіі Дзяржкамдруку РФ і Дзяржкамдруку РБ ад 15.02.1999 г. Паводле іх, бакі абавязваюцца «не чыніць перашкодаў распаўсюду на тэрыторыі сваёй дзяржавы прадукцыі друкаваных СМІ, якія зарэгістраваныя і дзейнічаюць на законных падставах у дзяржаве іншага Боку, пры ўмове, што распаўсюд звестак і матэрыялаў… не супярэчыць патрабаванням нацыянальнага заканадаўства».

Рэдакцыя па-ранейшаму збіраецца абскарджваць рашэнне гарвыканкама і кажа, што газета будзе выходзіць незалежна ад рашэнняў уладаў.

Нагадаем, што недзяржаўная беларуская газета «Витебский курьер М» прыпыніла выхад у пачатку 2009 года з эканамічных прычын — газета была пазбаўлена магчымасці распаўсюджвацца па падпісцы і праз сетку «Саюздруку», друкарні Віцебскай вобласці адмаўляліся з ёй супрацоўнічаць, а перавозка накладу са Смаленску цягнула вялікія фінансавыя выдаткі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства