У Віцебску знішчаны ўнікальныя вітражы з "Пагоняй"
Вітражы на віцебскім вакзале былі ўсталяваныя ў першыя гады незалежнасці Беларусі і даўно мулялі вочы чыноўнікам сваёй "ідэалагічнай нявытрыманасцю". Цяпер у будынак сярэдзіны XX стагоддзя ўсталёўваюцца таніраваныя люстэркавыя вокны, а вітражы, па словах начальніка вакзала, цытую: "выкінутыя ў металалом".
Не дэмантаванымі пакуль засталіся вітражы на фасадзе будынка, але хутка дабяруцца і да іх.
Парэшткі былой прыгажосці можна назіраць на будаўнічай пляцоўцы. Ніхто не падбаў пра асцярожны дэмантаж адной са славутасцяў Віцебска. Падобна на гэтую складаную аперацыю не знайшлося ні грошаў, ні жадання.
Нагадаем, што па патрабаванню Аляксандра Косінца, якое ён выказаў 3 снежня 2009 г. на паседжанні штаба, тэрмін рэканструкцыі вакзала скарочаны на 10 месяцаў. Цяпер працы павінны прасці ў два этапы і скончыцца 1 ліпеня 2010 г., замест трох этапаў з заканчэннем працы ў красавіку 2011 года.
Таксама старшыня Віцебскага аблвыканкама загадаў аформіць у адзіным стылі Прывакзальную плошчу і прылеглую да яе частку вуліцы імя Кірава.
“ Народным навінам Віцебска” ўдалося высветліць, што аўтарам любімых гараджанамі і гасцямі Віцебска вітражоў з’яўляецца вядомы віцебскі мастак Вікенцій Ральцэвіч. Вікенцій Іванаваіч быў у шоку, калі даведаўся, што яго твор мастацтва знішчаны. Мастака не папярэдзілі пра лёс яго працы. Заўтра раніцай ён на вакзал пойдзе высвятляць ці можна выратаваць хоць нешта…