Актывістаў Саюза палякаў на Беларусі затрымалі напярэдадні суда і рыхтуюць новыя абвінавачанні (абноўлена)
Як стала вядома, машыну, у якой ехаў Анджэй Пачобут, затрымалі 15 лютага ў раёне Іўя. Поводле міліцыянтаў, Пачобут нібыта нагадваў чалавека, які здзейсніў разбойны напад.
Аднак як расказаў “Салідарнасці” прэсавы сакратар СПБ Ігар Банцар, актывістаў збіраюцца судзіць за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу – акцыі салідарнасці з палякамі Івянца, праведзенай 10 лютага ў Гродне.
– Зараз мяне будуць судзіць, – паведаміў Ігар Банцар. – Акурат знаёмлюся з матэрыяламі справы. Мяне абвінавачваюць ва ўдзеле у несанкцыяваным мітынгу, прычым за «паўторны ўдзел».
Адзначым, што актывіста СПБ затрымалі літаральна за паўтары гадзіны да суда, падчас якога мусіць вырашыцца лёс Дома польскага ў Івянцы.
– Калі нас не пасадзяць на суткі, адразу паедзем на суд у Валожын, – запэўніў Банцар.
Пазней стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Івянцы таксама старшыню неафіцыйнага СПБ Анжаліку Борыс. Адтуль яе павезлі ў Валожынскі райаддзел міліцыі.