viasna on patreon

Дом польскі ў Івянцы апячатаны, Ігар Банцар абвясціў галадоўку

2010 2010-02-15T09:59:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд адправіў справу па Доме польскім ў Івянцы на перагляд. Затрыманых напярэдадні актывістаў не прызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі караюць «суткамі» і штрафамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар абвясціў галадоўку.

Судовае пасяджэнне, у якім удзельнічала дырэктар Дома польскага ў Івянцы Тэрэса Собаль, скончанае. Справу адправілі на перагляд, бо адвакат Собаль прадставіў у судзе дакументы, якія даказваюць, што апісванне маёмасці Дома польскага прайшло няправільна. Сам Дом польскі апячатаны.

Таксама стала вядома, Ігару Банцару, Анджэю Пачобуту і Мечыславу Яскевічу прысудзілі па 5 сутак арышту за ўдзел у акцыі падтрымкі палякаў Івянца 10 лютага ў Гродна. Кіраўніцы Саюза палякаў на Беларусі Анжаліцы Борыс прысудзілі штраф памерам 1 мільён 50 тысячаў рублёў за ўдзел у той жа акцыі.

Паказальна, што слуханне справы з удзелам Тэрэсы Собаль адбывалася не ў будынку суда, а на тэрыторыі вайсковай часткі, куды нікога не пускаюць, кажучы, што сёньня “праходзяць вучэнні”. Не ўпусцілі туды і польскага консула Марэка Марцінэка, які прыехаў з Мінска.

– Зараз тут некалькі дзесяткаў чалавек, – распавялі «Салідарнасці» тыя, хто знаходзяцца на месцы падзей у Валожыне. – Будынак, дзе праходзіць суд, размешчаны за вялікімі варотамі, туды міліцыянты нікога не падпускаюць. Побач працуюць машыны, якія ачышчаюць вуліцу ад снегу, і праз гэты шум амаль немагчыма размаўляць.

Адзначым, што напярэдадні суда былі затрыманы актывісты Саюза палякаў, якія накіроўваліся ў Валожын, каб падтрымаць Тэрэсу Собаль. Сярод іх – кіраўнік СПБ Анжаліка Борыс, актывісты Мечыслаў Яскевіч і Анджэй Пачобут. Прыкладна 20 чалавек зараз знаходзяцца ў апорным пункце міліцыі непадалёк ад Валожына. У самім Валожыне затрымалі кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.

Паводле паведамленняў «Нашай нiвы», пры спробе прайсці ў суд Ірэна Валюсь — галоўны рэдактар газеты СПБ «Głos znad Niemna na uchodźstwie» – была збітая міліцыянтамі: «яе брутальна павалілі і павалаклі ў будынак».

Сабраных пад будынкам суда міліцыя заклікае разысціся, у адваротным выпадку праваахоўчыя органы пагражаюць ужываннем сілы за “несанкцыянаваны пікет”. Каля будынка суда знаходзіцца таксама начальнік упраўлення аховы і правапарадку МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў.

Адзначым, што за сітуацыяй вакол Саюза палякаў на Беларусі ўважліва назіраюць ў Польшчы. Як вядома, пасля захопу Дома польскага ў Івянцы, амбасадар Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін быў адкліканы ў Варшаву для кансультацый. А амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка выклікалі ў польскае МЗС, дзе выразілі вялікую занепакоенасць дзеяннямі беларускіх праваахоўчых органаў у Івянцы.

У той жа час лідэр СПБ Анжаліка Борыс і прадстаўнікі арганізацыі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі былі запрошаныя на сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы, які на сваім афіцыйным сайце выказаў салідарнасць з палякамі Беларусі.

Нядаўна з’явілася інфармацыя, што МЗС Польшчы рыхтуе спіс беларусаў, якім будзе забаронены ўезд на польскую тэрыторыю.

Gazeta Wyborcza звярнулася да міністра замежных спраў Польшчы з заклікам спыніць супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі: «Час сказаць «досыць». Бо праз хвіліну можа стаць запозна».

«Ні адна еўрапейская краіна не можа трываць спланаваны і усё больш вычварны пераслед сваіх суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой», – сцвярджае выданне, акцэнтуючы ўвагу таксама на затрыманнях 15 лютага.

Мацей Плазынські, польскі сэнатар і кіраўнік Wspólnoty Polskiej — арганізацыі, якая супрацоўнічае з польскімі меншасьцямі па ўсім сьвеце, заявіў, што «Беларусь ашукала польскую дыпламатыю», а сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Беларусі 12 лютага была памылковай. На думку Плазыньскага, польская рэакцыя на падзеі ў Беларусі мусіць быць адпаведнай, «інакш з намі ніхто не будзе лічыцца».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства