“Мінская спадчына” паскардзілася ў пракуратуру на “Звязду” і Астаповіча
Прадпрыемства “Мінская спадчына” падало заяву ў пракуратуру на газету “Звязда” і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое ўзначальвае Антон Астаповіч. Нагодай стаў матэрыял у дзяржаўнай газеце пра знос старога будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай, паведаміў Еўрарадыё галоўны інжынер “Мінскай спадчыны” Міхаіл Жых.
Міхаіл Жых: “Уся інфармацыя, якая была размешчана ў газеце "Звязда", гэта поўная выдумка. Сёння я зрабіў афіцыйную заяву ў пракуратуру за паклёп на прадпрыемства і Міністэрства культуры. На газету і канкрэтных аўтараў. Сёння сустракаліся ў генеральнай пракуратуры. Пойдзе даручэнне ў раённую пракуратуру па месцы размяшчэння гэтых юрыдычных асобаў — Таварыства аховы помнікаў, якое давала інфармацыю, і газеты "Звязда".
Карэспандэнт газеты “Звязда”, аўтар матэрыяла, які не спадабаўся "Мінскай спадчыне", Глеб Лабадзенка распавёў Еўрарадыё, што ні газета, ні Таварыства аховы пакуль нічога афіцыйна не атрымоўвалі.
Глеб Лабадзенка: “У пачатку снежня, калі экскаватарам зруйнавалі палову будынка, я рабіў інтэрв'ю з Міхаілам Жыхам, і ён сказаў, што пра гэта не ведаў і будаўнікі самі падагналі экскаватар і знеслі паў-будынка. У дакументах, якія ёсць у мяне на руках, засведчана, што ўсе суб'екты — “Мінская спадчына” як заказчык, навуковы кіраўнік аб'екта — нясуць адказнасць за ўсё, што адбываецца з гэтым аб'ектам. У дадзенай сітуацыі я не ведаю, як будзе выкручана, хто канкрэтна аддаў загад. Можа быць, высветліцца, што экскаватаршчык асабіста вырашыў зруйнаваць будынак. Але я хачу сказаць, што ўсе словы, прыведзеныя ў артыкуле, пацверджаныя дакументальна. Таму я зараз схільны лічыць гэту заяву, магчыма, блефам”.