Гародня: партыі абскарджваюць неўключэнне прадстаўнікоў у акруговыя камісіі
Гарадзенская абласная арганізацыя АГП скардзіцца ў абласны суд на парушэнне яе права прадстаўніцтва ў акруговых камісіях. Партыйцы просяць перагледзець вынікі фармавання акруговых выбарчых камісій па выбарах у Гарадзенскі абласны Савет.
Чатыры прадстаўнікі АГП не былі ўключаныя ў склад камісій па розных акругах. Па Вішнявецкай выбарчай акрузе № 12 у камісію не ўключылі Ірыну Какарэка, па Гарбатаўскай выбарчай акрузе № 19 - Аляксандра Барадаўкіна, па Жупранскай выбарчай акрузе № 49 - Івана Крука, па Астравецкай выбарчай акрузе № 47 - Мікалая Уласевіча.
Гарадзенская абласная арганізацыя партыі БСДГ накіравала дзве скаргі ў абласны суд на неўключэнне яе прадстаўнікоў Віктара Парфёненкі і Уладзіміра Хільмановіча ў склад акруговых выбарчых камісій.
Партыя БСДГ вылучыла ў склад акруговых камісій 10 сваіх прадстаўнікоў. Яшчэ адзін яе сябра вылучаўся шляхам збору подпісаў. Але ў камісіі былі ўключаны толькі 3 сябры партыі.
Гарадзенская арганізацыя БСДГ лічыць, што яе вылучэнцы дасведчаныя людзі, усе з вышэйшай адукацыяй і не ўключаць іх у склад акруговых камісій не было аніякіх падставаў. Грамадоўцы просяць суд перагледзець вынікі фармавання акруговых камісій па дзвюх акругах, хоць асаблівых спадзяванняў, зыходзячы з вынікаў ранейшых судовых разглядаў, на станоўчае рашэнне суду не маюць.
Нагадаем, што Гарадзенская абласная арганізацыя БСДГ аспрэчвала неўключэнне ў склад Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі сябра партыі Віктара Сазонава. Суд палічыў рашэнне органаў, якія фармавалі камісію, законным.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”