Канстытуцыйны суд адмаўляецца разглядаць пытанне пра арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса
Актывіст "Маладога фронту" Кірыл Атаманчык яшчэ ў снежні 2009 году накіраваў зварот у Канстытуцыйны Суд. Актывіст прасіў старшыню КС Міклашэвіча разгледзець яго зварот і даць заключэнне пра адпаведнасць артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь артыкулу 36 Канстытуцыі і артыкулу 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- 28 студзеня 2009 году я атрымаў адпіску з Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь за подпісам начальніка сакратарыята А.В.Юрагі, у якой ён адмаўляе мне ў праве на зварот у Канстытуцыйны Суд, - распавядае К.Атаманчик.
У адказе начальніка сакратарыята Канстытуцыйнага Суда паведамлялася наступнае:
"Прапановы аб праверцы нарматыўных прававых актаў на прадмет канстытуцыйнасці мае права уносіць ў Канстытуцыйны Суд прэзідэнт Беларусі, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і Савет Міністраў. Іншыя асобы могуць толькі апіляваць да пералічаных органаў улады".
- Я лічу, што сакратарыят не ўпаўнаважаны адмаўляць мне ў маім канстытуцыйным праве на зварот у дзяржаўныя органы, - абураецца маладафронтавец.
Па словах Атаманчыка, ён не згодны з адпіскай і ўжо піша скаргу на дзеянні начальніка сакратарыята. Малады чалавек мае намер і далей дамагацца разгляду свайго звароту ў Канстытуцыйным Судзе.
Варта адзначыць, што Кірыл Атаманчык ужо адправіў зварот у Камітэт ААН па правах чалавека, у якім паведамляе пра парушэнне Рэспублікай Беларусь яго права на свабоду асацыяцыі.