Беларускіх палякаў працягваюць выклікаць на допыты
Працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць актывістаў Саюзу палякаў. У Шчучыне ў якасьці сьведкі быў дапытаны Мечыслаў Яскевіч, які пры Анжаліцы Борыс кіраваў Гарадзенскім гарадзкім аддзелам СПБ.
Справа распачата Шчучынскай раённай пракуратурай на заяву дырэктара мясцовага Дому польскага Віктара Богдана, які абвінавачвае паплечнікаў Анжалікі Борыс у тым, што яны яго нібыта запалохвалі.
Падазраванымі сьледзтва лічыць журналістаў Андрэя Пачобута і Анджэя Пісальніка, а таксама намесьнікаў старшыні СПБ Юзафа Пажэцкага і Веслава Кеўляка. Нядаўна ім зрабілі вочную стаўку са спадаром Богданам.
Крымінальная справа датычыць артыкула 185, у якім гаворыцца аб змушэньні да нейкіх дзеяньняў шляхам пагрозаў. Днямі абласная пракуратура працягнула тэрмін сьледзтва яшчэ на месяц, паведамляе “Радыё Свабода”.