Фармаванне Гарадзенскай гарадской тэрытарыяльнай камісіі прайшло па накатаным сцэнары
Сёння раніцай прайшло сумеснае паседжанне прэзідыумаў Гарадзенскіх гарадскога Савету і гарвыканкаму па фармаванні гарадской тэрытарыяльнай камісіі. Усё паседжанне, якое вёў старшыня гарвыканкаму Барыс Казялкоў, доўжылася каля 15 хвілінаў.
У склад тэрытарыяльнай камісіі былі вылучаны 23 чалавекі, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычных партый: Партыі БНФ, АГП, БСДГ (Грамада). Ніхто з іх у склад сфармаванай камісіі з 13 чалавек не патрапіў.
Кандыдатуры прэтэндэнтаў увогуле не абмяркоўваліся. На пытанне старшыні гарадской арганізацыі АГП Дзмітрыя Слуцкага, чаму ў склад камісіі з году ў год не могуць патрапіць прадстаўнікі буйнейшых апазіцыйных партый, Барыс Казялкоў адказаў, што ў камісію ўключаны прадстаўнік апазіцыйных камуністаў Іосіф Нячай, які прадстаўляе партыю “Справядлівы свет”.
Увогуле ў склад камісіі ўвайшлі пераважна прадстаўнікі прадзяржаўных арганізацый, такіх як БРСМ, “Белая Русь”, ветэранскіх арганізацый, КПБ, а таксама дзяржаўных прафсаюзаў. Мясцовыя назіральнікі ўпэўненыя, што старшынёй камісіі будзе абраны Уладзімір Хлябіч, прадстаўнік “Белай Русі”.
А вось у Слонімскай раённай тэрытарыяльнай камісіі будзе адзін прадстаўнік дэмакратычнай супольнасці -- Мікалай Барысік, які вылучаўся ў камісію шляхам збору подпісаў і падавання адпаведнай заявы. Такое рашэнне было прынята таксама сёння.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”