У Менскай абласной камісіі прадстаўнікоў апазіцыі не будзе
Сёння ў Менску адбылося аб'яднанае паседжанне Менскага аблвыканкама і абласнога Савета, на якім была сфармавана абласная тэрытарыяльная выбарчая камісія. У паседжанні браў удзел дэмакратычны актывіст з Барысава, лідар мясцовых сябраў партыі БНФ Сяргей Салаш, які прадстаўляў інтарэсы грамадзян, што вылучылі праваабаронцу Алега Мацкевіча ў склад абласной выбарчай камісіі.
Напярэдадні Салаш быў запрошаны на паседжанне тэлефонным званком першага намесніка начальніка упраўлення арганізацыйна-кадравай працы Менскага аблвыканкама Юліі Аскерка. Нажаль, гэтым званком "лібералізацыя" ў аблвыканкаме і абмежавалася.
Па інфармацыі Сяргея Салаша, ніводны з прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку і Алег Мацкевіч, у склад абласной тэрытарыяльнай камісіі не быў уключаны.
Як паведамляе БЕЛТА, у камісію ўвайшлі 13 чалавек, у тым ліку 6 прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый (прадстаўнікі абласных структур, ГА "Белая Русь", БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, Камуністычнай партыі Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі). У складзе абласной выбарчай камісіі толькі 2 чалавекі дзяржслужачыя, няма суддзяў, пракурорскіх работнікаў, кіраўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, усяго ў аблвыканкам было пададзена 20 заяў на ўключэнне ў склад абласной камісіі па выбарах мясцовых Саветаў дэпутатаў, у тым ліку 9 - ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, 2 - ад працоўных калектываў, 9 - ад грамадзян шляхам падачы заяў.
"Усе прапановы былі дэталёва вывучаны, разгледжаны дзелавыя якасці прапанаваных кандыдатур, досвед працы ў камісіях. Для адбору кандыдатаў разгледжана прадстаўніцтва партый у вобласці і абраны тыя, якія карыстаюцца большай падтрымкай у насельніцтва", - адзначыла Юлія Аскерка ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву.
На сумесным паседжанні прысутнічалі 11 супрацоўнікаў выканкама, прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый Менскай вобласці.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"