viasna on patreon

Вылучэнне завершылася. Хто патрапіць ў тэрытарыяльныя камісіі ў рэгіёнах?

2010 2010-01-26T21:05:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, 26 студзеня 2010 года завершыўся этап вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій і прадстаўлення дакументаў у органы, якія ўтвараюць камісіі.

Віцебск: У камісіі ідуць ветэраны

У мінулую пятніцу ў г. Віцебску адбыўся Пленум абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў. Асноўным пытаннем сходу было пытанне пра ўдзел сяброў гэтай арганізацыі ў выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 26-го склікання. На сходзе прысутнічаў начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Іосіф Бакевіч.

Аднагалосна ўдзельнікамі сходу былі дэлегаваны ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый. Так у Віцебскую гарадскую тэрытарыяльную камісію была прапанавана Надзея Мязеніна, якая ўзначальвае савет ветэранаў ЖЭУ-27 г. Віцебску.  У абласную тэрытарыяльную камісію была прапанавана кандыдатура старшыні абласнога савета ветэранаў Генадзя Герасімовіча. Неабходна адзначыць, што літаральна надоечы Г. Герасімовічу было прысвоена званне "Чалавек года Віцебшчыны" ў намінацыі "Грамадская дзейнасць". З рук старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта А. Косінца ён атрымаў дыплом і нагрудны знак лаўрэата, а таксама  салідную прыбаўку да пенсіі ў выглядзе грашовай прэміі ў памеры 2,8 млн. рублёў. 

***

На выбарах 25 красавіка 2010 года ў Віцебскай вобласці  будуць сфармаваны адзін абласны Савет, дваццаць адзін раённы, чатыры гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання, тры гарадскія ў гарадах раённага падпарадкавання - Барань, Навалукомль і Дзясна, дванаццаць пасялковых і сто дзевяноста дзевяць сельскіх Саветаў. Усяго па вобласці будзе сфармавана дзвесце сарок адзінак прадстаўнічых органаў улады.  Для забеспячэння абрання дэпутатаў у Саветы розных узроўняў на Віцебшчыне будуць утвораны дзвесце сарок тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія будуць утварацца па выбарах у кожны від Саветаў. Для выбараў у абласны Савет дэпутатаў па ўсёй тэрыторыі вобласці будзе сфармавана шэсцьдзесят акруговых камісій. Сумарны лік выбарчых акругаў у вобласці па ўсіх відах Саветаў складзе 3531.

Магілёў: Дэмакраты вылучаюць сваіх прадстаўнікоў

Магілёўскія дэмакраты вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад Магілёўскай гарадской і Магілёўскай абласной выбарчых камісій. На раніцу 26 студзеня было вядома, што ўжо вылучаны прадстаўнікі ад  ГА БНФ “Адраджэнне”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Ад ГА “Адраджэння” у Магілёўскую гарадскую выбарчую камісію вылучаны юрыст Сяргей Фамін, у абласную – кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі. Ад АГП у Магілёўскую абласную выбарчую камісію – актывіст Уладзімір Парфёнаў. Ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” у Магілёўскую гарадскую выбарчую камісію вылучаны пенсіянер Георгій Сугакевіч, у абласную - прафесар Валеры Беразіенка. Падаў заяву аб вылучэнні сваёй кандыдатуры ў гарадскую выбарчую камісію ад ГА “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” праваабаронца Барыс Бухель.

Баранавічы: Партыі не праявілі зацікаўленасці ў вылучэнні сваіх сяброў у гарадскую выбарчую камісію

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі завяршылі вылучэнне сваіх сяброў і прыхільнікаў у гарадскую выбарчую камісію. Шляхам збору подпісаў у Баранавіцкую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію вылучана мясцовая прадпрымальніца Таццяна Малашчанка (прыхільніца БХД) і актывіст БХД Аляксей Марозаў. Ад партыі “Справядлівы свет” - Эдуард Карапетаў (праўда, Баранавіцкая арганізацыя Партыі камуністаў беларускай яшчэ не перарэгістравалася і не мае новай пячаткі).Іншыя мясцовыя палітычныя структуры - АГП, БСДП (Г), БСДП (НГ), Партыя БНФ - не праявілі вялікай зацікаўленасці ў вылучэнні сяброў у гарадскую выбарчую камісію.

Крыху большую актыўнасць праявілі грамадскія арганізацыі Баранавічаў. Шляхам збору подпісаў у выбарчую камісію вылучаны актывіст Руху “За свабоду” Віктар Сырыца. Баранавіцкая Рада “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” таксама накіравала мясцовага прадпрымальніка Мікалая Падгайскага ў склад гарадской выбарчай камісіі. Праўда, напярэдадні мясцовых выбараў Баранавіцкая філія ТБМ сутыкнулася з нечаканымі праблемамі. Юрыдычны аддзел Баранавіцкага гарвыканкама паведаміў, што арганізацыя пазбаўленая юрыдычнага адрасу, і ёй неабходна ў месячны тэрмін прадставіць у выканкам новы юрыдычны адрас. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ паведаміў, што арганізацыя знайшла новы юрыдычны адрас і прадставіла ўсе неабходныя дакументы. Ён таксама выказаў спадзяванні, што вышэй згаданыя праблемы не павінны стаць перашкодай для ўключэння актывіста ТБМ Мікалая Падгайскага ў склад Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

Усяго ад дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый горада ў Баранавіцкую гарадскую тэрытарыяльную выбарчую камісію вылучана пяць прадстаўнікоў.

З размовы з загадчыкам арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама Алегам Савосем стала вядома, што сумеснае паседжанне гарвыканкама і гарсавета па фармаванні гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі адбудзецца 29 студзеня 2010г.

Салігорск: Палітычныя партыі праігнаравалі вылучэньне кандыдатаў у камісіі

Прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый праігнаравалі вылучэнне сваіх кандыдатаў у склад Салігорскай  раённай камісіі. Аб сваім жаданні вылучыцца заяўляў толькі старшыня мясцовай арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет”  Кавецкі  Казімір Францавіч, але ўрэшце і ён адмовіўся ад свайго намеру. Такім чынам, ад суб’ектаў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і Беларускага Незалежніцкага блоку прэтэндэнтаў у камісію няма.  

Барысаў: Праверка на "лібералізацыю"

Барысаўская праваабаронца Марына Статкевіч сабрала неабходную колькасць подпісаў выбаршчыікаў з мэтай свайго вылучэння ў Барысаўскую раённую тэрытарыяльную выбарчую камісію. 25 студзеня ў Барысаўскі райвыканкам была пададзеная адпаведную заява, у якой утрымліваецца просьба выбаршчыкаў, якія вылучылі праваабаронцу, запрасіць на паседжанне райвыканкама, на якім будзе зацвярджацца склад камісіі, іх прадстаўніка Льва Марголіна.

Гродна: Партыя БНФ вылучае сваіх прадстаўнікоў

Гарадзенская гарадская арганізацыя Партыі БНФ распачала падрыхтоўчую працу па выбарах у мясцовыя Саветы. На апошнім паседжанні рады мясцовай арганізацыі быў вылучаны прадстаўнік у гарадскую тэрытарыяльную камісію – Сяргей Мальчык. Акрамя таго, старшыня гарадской арганізацыі Вадзім Саранчукоў быў вылучаны ў якасці прадстаўніка партыі на сумеснае паседжанне гарсавету і гарвыканкаму. Калі яно адбудзецца – пакуль невядома. Па словах Вадзіма Саранчукова, гарадзенская структура Партыі БНФ мае намер вылучыць кандыдатамі ў дэпутаты гарадскога Савету 26 склікання 8 чалавек. Пры тым, не выключана, што фармат удзелу ў выбарах будзе мяняцца ў залежнасці ад сітуацыі. 

Полаччына: Нямногія з прадстаўнікоў апазіцыйных партый вылучыліся ў камісіі

У Полацкім рэгіёне з апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў сваім правам вылучыць прадстаўніка ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі скарысталіся нямногія.

Прадстаўнік Партыі БНФ і Руху за Свабоду” вылучаны ў адпаведную гарадскую камісію  ў  Наваполацку, прадстаўнік Беларускай партыі левых ”Справядлівы свет”(былая Партыя камуністаў Беларуская) – у Полацку. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вылучыла сваіх людзей у раённую і акруговую камісіі ў Верхнядзвінску. Прадстаўнік Партыі БНФ заяўлены ў раённую камісію ў Шаркаўшчыне, незарэгістраваная дасюль БХД  збіраецца ўдзельнічаць ў рабоце камісій ў Лепелі і Гарадку.

Слабая  актыўнасць партый на гэтым этапе выбарчай кампаніі цалкам тлумачыцца рэальнай практыкай кампаній папярэдніх, калі з заяўленых у тэрытарыяльныя камісіі асобаў у іх склад не ўключалі нікога. Ці паўплываюць прынятыя ў выбарчым заканадаўстве змены на рэальны ход падзей, будзе ясна праз тры дні, 29 студзеня, калі тэрытарыяльныя камісіі будуць канчаткова сфармаваны. Аднак той факт, што ў Наваполацкай гарадской “Новай газеце” паведамленне пра вылучэнне ў тэрытарыяльныя камісіі было надрукавана ў апошні дзень прыёма заяваў у яе склад, не дае падставаў для аптымізму.

Калінкавічы: У раённую камісію дэмакратычныя актывісты не вылучаліся

26 студзеня – апошні дзень вылучэння прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. У Калінкавіцкім раёне – гэта калінкавіцкая раённая выбарчая камісія. Менавіта яна будзе займацца арганізацыяй выбараў у Калінкавіцкі раённы Савет дэпутатаў, які налічвае 40 чалавек. Апазіцыйныя структуры, як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя, ніводнага чалавека ў камісію не вылучылі, нават шляхам збору подпісаў грамадзянаў.

Гэтая сітуацыя мае свае цалкам аб’ектыўныя тлумачэнні. У рэгіёне адсутнічаюць умовы для паўнавартаснай і цывілізаванай палітычнай дзейнасці. Пачынаючы з 2000-га года ўлады рабілі ўсё, каб спыніць працу арганізацый, якія мелі хоць нейкае дачыненне да палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Гэта і закрыццё мясцовых філіялаў арганізацый “Грамадзянскія ініцыятывы” і “Права і справа”. Ціск на тых, хто прадастаўляў юрыдычныя адрэсы для партыйных суполак, звальненні з працы, штрафы і арышты. Гэта дало свой вынік – колькасць актывістаў, якія могуць і жадаюць удзельнічаць у палітычных кампаніях, складае не больш за 2 дзесяткі чалавек (у большасці беспрацоўныя і пенсіянеры). Пры гэтым, пачынаючы з прэзідэнцкай кампаніі 2001 г., прадстаўнікі апазіцыйных сілаў не ўключаліся ў склад выбарчых камісій ні тэрытарыяльнага, ні участковага ўзроўняў. Былі адзінкавыя выпадкі (парламенцкая кампанія 2004 г. – 1 чалавек; парламентская кампанія 2008 г. – 1 чалавек), калі ў склад акруговай камісіі Калінкавіцкай выбарчай акругі трапілі прадстаўнікі партыі ПКБ (зараз “Справядлівы свет”).

Тым больш мясцовыя Саветы большасцю дэмакратычнага актыву Калінкавічаў успрымаюцца як выключна дэкаратыўны орган, які не мае ніякіх рэальных паўнамоцтваў. І, адпаведна, удзел у выбарах не каштуе магчамых рэпрэсій. Так, падчас кампаніі 2008 г. назіральнік у акружной камісіі атрымаў мільённы штраф. Зараз на раён з амаль што 45-цітысячным насельніцтвам пакуль толькі 2 магчымыя апазіцыйныя кандыдаты у дэпутаты: Назаранка Віктар (кіраўнік мясцовай арганізацыі партыі “Справядлівы свет”) і Краснасельская Людміла (кіраўнік мясцовай арганізацыі АГП). Але і яны могуць адмовіцца ад свайго намеру.

Жыхары ж раёна ўвогуле не лічаць раённы савет сапраўдным органам улады і амаль ніхто не ведае прозвішча свайго дэпутата. А калі і ведае, то лічыць цалкам бессэнсоўнай справай да яго звяртацца. Навошта? Лепш ужо адразу ў райвыканкам. Таму і пра будучыя выбары амаль ніхто не ведае і не цікавіцца іх ходам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства