Першыя затрыманні па дарозе ў Івянец
Супрацоўнікі ДАІ даставілі ў Шчучын 9 актывістаў непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі, якія ехалі мікробусам з Гародні ў Івянец, каб падрымаць мясцовы аддзел арганізацыі і ягоную старшыню Тэрэсу Собаль. Пра гэта паведамляе ў сваім livejournal Старшыня галоўнай рады Саюза Андрэй Пачобут.
Затрыманым актывістам патлумачылі, што падазраюць кіроўцу мікрааўтобусу ў тым, што ён нецвярозы.
Паводле папярэдняй інфармацыі з Гародні ў Івянец выехала каля 100 чалавек. Улады наўмысна ім чыняць перашкоды на дарозе. Як піша Пачобут, машыны, якія едуць з Гародні, затрымліваюць на ўсіх пастах ДАІ. Але большасць з іх пасля кантролю адпускаюць, каб праз некалькі кіламетраў ізноў спыніць для праверкі.
На сёння, 21 студзеня, у Івянцы прызначаны сход праўладнага Саюза палякаў, на які заклікаюцца прыйсці “ўсе, хто паляк”.
“Такім чынам улады і праўладны Саюз палякаў хочуць пераняць Дом польскі ў Івянцы”, - зазначыў у інтэрв’ю Радыё Рацыя Андрэй Пачобут.