Рэктар БДУ адмовіў у аднаўленьні ва ўнівэрсытэце Тацьцяне Шапуцька
Рэктар БДУ Сяргей Абламейка праігнараваў меркаваньне некалькіх соцень студэнтаў унівэрсытэта.
Прэс-сакратарка "Маладога Фронту" Тацьцяна Шапуцька атрымала адмоўны адказ на сваё хадайніцтва аб аднаўленьні ў ліку студэнтаў 2-га курса юрыдычнага факультэта БДУ. Нагадаем, маладафронтаўка была выключана з унівэрсытэта пасьля ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасьці "Усходняга Партнэрства" ў Брусэлі ў сярэдзіне лістапада 2009 г.
"Законам РБ "Аб вышэйшай адукацыі", Статутам БДУ, Правіламі ўнутранага распарадку в БДУ вызначаны правы й абавязкі студэнта, за невыкананьне якіх да студэнта ўжываюцца меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня, у тым ліку, і адлічэньне.
Выкананьне ва ўсталяваныя тэрміны патрабаваньняў навучальнага плану й навучальных праграмаў, а таксама добры сярэдні бал пасьпяховасці не вызваляе студэнта ад выкананьня іншых абавязкаў і адпаведна ад ужываньні да яго мер дысцыплінарнага ўзьдзеяньня", - зазначае ў адказе спадар Абламейка.
"У той жа час спадар Абламейка чамусьці не зазначае, што паказчыкі пасьпяховасьці студэнта - прыярытэтныя: унівэрсытэт найперш навучальная ўстанова. Акрамя таго, рэктар забывае пра пункт 6.7 Правілаў унутранага распарадку, згодна зь якім пры ўжываньні меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня павінна ўлічвацца цяжкасьць зьдзейсьненай правіны, абставіны, пры якой яна была зьдзейсьнена, папярэдняя вучоба й паводзіны. Рэктар парушыў гэты пункт, прызначыўшы пакараньне, якое яўна не адпавядае парушэньню ў выглядзе выязду за мяжу на тры дні", - камэнтуе адказ рэктара Тацьцяна Шапуцька.
Аднак, найбольш расчаравала дзяўчыну ў адказе спадара Абламейкі наступнае: "Да хадайніцтва былі прыкладзены копіі некалькі соцень подпісаў студэнтаз БДУ пад зваротам у маю падтрымку. У адказе рэктара пра подпісы не гаворыцца ня слова. Пра якія стасункі паміж кіраўніцтвам унівэрсытэта й студэнтамі можна казаць, калі рэктар па-наплявацельску ставіцца да меркаваньня студэнтаў? Відавочна, што спадара Абламейку цікавяць не студэнты ці навучальны працэс, а толькі свая пасада".