Палатай прадстаўнікоў прыняты законапраект супраць апазыцыянэраў пад назвай "Аб супрацьдзеяньні экстрэмызму"
27 кастрычніка Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняты законапраект "Аб супрацьдзеяньні экстрэмызму", які ставіць палітычных апанэнтаў цяперашняга беларускага рэжыму ў надзвычайна складаныя ўмовы. Па сутнасьці любыя іх дзеяньні можна будзе падвесьці пад новы заканадаўчы акт. Такое меркаваньне выказаў у размове з карэспандэнтам радыё Свабода падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валеры Костка.
"Я разумею, калі б такі закон прымаўся ў краіне, дзе пашыраны экстрэмізм. Там трэба рабіць больш жорсткія захады. Але ж Беларусь – краіна талерантная. Таму мне зразумела, што новы законапраект зьвязаны з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. І таму апанэнты ўлады ставяцца ў такія жорсткія ўмовы, што задаесься пытаньнем: ці наагул яны здольныя будуць зрабіць хоць нейкія дзеяньні? Бо пад гэты закон можна падвесьці любы мітынг пратэсту – прыкладам, супраць фальсыфікацыі. Усё гэта можна будзе трактаваць як экстрэмізм. І ў судзьдзяў, пракурораў будзе юрыдычная база – маўляў, вы выйшлі на плошчу, а калі на плошчу, значыць, вы – экстрэмісты.
У Беларусі, дзе няма экстрэмізму, такія законы выглядаюць надзвычай ненатуральна. У нас жа няма ніякіх падставаў, нармальная спакойная абстаноўка. Такі закон выглядае белай варонай нават на фоне іншых законаў, якія падганяліся пад сытуацыю. Я думаю, што тут пытаньне не пра экстрэмізм, а пра тое, што ўсе павінны сядзець ціхенька".