Бярозаўскія праваабаронцы судзяцца з райвыканкамам
Бярозаўскія праваабаронцы атрымалі позвы ў суд, куды вызываюцца ў якасці істцоў. У якасці адказчыкаў – Бярозаўскі райвыканкам, які адмовіў праваабаронцам у пікеце 10 снежня - ў Дзень правоў чалавека.
Праваабаронцы вырашылі ў судовым парадку аспрэчыць адмову райвыканкама, паколькі лічаць, што адмоўлена незаконна. Паседжанне адбудзецца 5 студзеня. Які суддзя будзе весці справу пакуль невядома.
Адзін з падаўцаў заявы Сяржук Русецкі не верыць у станоўчы зыход справы:
- Шчыра кажучы, спадзявацца на станоўчае вырашэнне справы вельмі цяжка. Ва ўмовах сучаснай Беларусі, напэўна, адзінкавыя выпадкі, калі б судовая справа супраць дзяржавы і дзяржаўных чыноўнікаў была выйграна. Але справа ў тым, што правы чалавека – гэта такі працэс, каторы пастаянна патрабуе змагання. Змагацца трэба было і ўчора, і сёння, і ў будучыні. Таму мы вырашылі паспрабаваць.
Нагадаем, што падставай для адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства стала невызначэнне заяўляльнікам канкрэтных мераў па забеспячэнні грамадскага парадку і медыцынскага абслугоўвання пры правядзенні масавага мерапрыемства.
- Адмова ўлады, у асобе намесніка старшыні Бярозаўскага райвыканкама, у правядзенні пікета парушыла нацыянальнае заканадаўства і не была неабходнаю ў дэмакратычным грамадстве, - лічыць Сяржук Русецкі.