Астравецкі актывіст Руху падаў скаргу ў Вярхоўны суд
Іван Крук просіць адмяніць буйны штраф, якім яго пакаралі за распаўсюд выданняў без выходных дадзеных.
Актывіст Руху "За Свабоду лічыць, што праваахоўныя і судовыя структуры парушылі артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкул 5 "Закона пра СМІ", якія гарантуюць свабоду меркаванняў, перакананняў і іх выяўленне.
Да таго ж, пры складанні пратаколу міліцыянтамі былі дапушчаныя істотныя працэсуальныя парушэнні, а раённы суд вынес пакаранне больш чым праз два месяцы пасля здзяйснення "правапарушэння".
На думку Івана Крука, выданні «Мірны атам», «Астравецкі веснік», «Глоток воздуха», за перадачу якіх суседу ён быў пакараны, не з'яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, паколькі не друкуюцца перыядычна. Пакаранне за распаўсюд гэтых матэрыялаў цалкам беспадстаўнае, паколькі гэтыя газеты не ўяўляюць ніякай небяспекі для дзяржавы, абычайнасці і маралі грамадскасці.
Нагадаем, у ліпені Астравецкі суд прызнаў Івана Крука вінаватым у адміністрацыйным парушэнні 22-га артыкула "Закона пра СМІ" (распаўсюд газет без выходных дадзеных) і пастанавіў пакараць яго штрафам памерам 700 тысяч рублёў. Гродзенскі абласны суд пакінуў рашэнне раённага суда без зменаў.