“Хартыя’97” уручыла ўзнагароды
За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека Нацыянальнай прэміяй аргкамітэту грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” узнагароджаны палітычны актывіст Франак Вячорка, грамадзкі актывіст Зьміцер Бародка, моладзевы актывіст Максім Вінярскі, палітвязень Арцём Дубскі, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, а таксама салігорская праваабаронца Яна Палякова (пасьмяротна).
Прэміі ўручалі Станіслаў Шушкевіч, Ірына Халіп, Зьміцер Бандарэнка, Андрэй Саньнікаў.
За актывіста Маладога фронту Арцёма Дубскага, які адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі, прэмію атрымала ягоная маці Алена Дубская:
Паводле ляўрэата прэміі “Хартыі-97” Максіма Вінярскага, які актыўна змагаецца за тое, каб у Беларусі не было палітвязьняў, беларускія ўлады трымаюць у турмах актывістаў з пэўнымі мэтамі:
“Па-першае, улада спрабуе на іх прыкладзе запужаць астатніх людзей, каб нічога не рабілі дзеля дэмакратызацыі. Вось будзеце сядзець, як Дубскі, ці пад сьледзтвам, як Аўтуховіч з Асіпенкам, ці будзеце скрадзеныя”.
Другая мэта ўладаў — трымаць палітвязьняў у закладніках дзеля торгу з Захадам, мяркуе Максім Вінярскі.
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная “Хартыяй’97” у 1998 годзе. Сярод ляўрэатаў прэміі ў мінулыя гады былі абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску, палітвязьні, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храму пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, а таксама журналісты.