У гарадоцкага актывіста апісалі маёмасьць
Да Леаніда Аўтухова, старшыні Гарадоцкай суполкі партыі БНФ, прыйшоў судовы выканаўца з двума панятымі. Яны паведамілі, што апішуць маёмасьць, бо апазыцыянэр не сплаціў судовы штраф за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.
З усёй маёмасьці, якую знайшлі ў хаце актывіста, апісалі толькі кампутар з друкаркай ды калёнкамі. «Небагата жывяце!» — зазначыў судовы выканаўца, не пабачыўшы раскошы ў жытле беспрацоўнага апазыцыянэра.
Леанід Аўтухоў ужо больш за год стаіць на ўліку ў раённым Цэнтры занятасьці насельніцтва — ведаючы ягоныя палітычныя перакананьні, яго нідзе не бяруць на працу. Апазыцыянэр перакананы, што паўтара года таму яго звольнілі таксама з палітычных прычын: зь ім не працягнулі кантракт, калі ён працаваў апэратарам кацельні.
Штраф памерам 1 мільён 400 тысяч рублёў Леаніду Аўтухову быў прысуджаны раённым судом за арганізацыю і правядзеньне акцыі да Дня Незалежнасьці сёлета 27-га ліпеня. Тады старшыня раённай суполкі Партыі БНФ выйшаў на плошчу Леніна ў райцэнтры зь бел-чырвона-белым сьцягам. Міліцыянты затрымалі яго і яшчэ траіх віцебскіх актывістаў.
Валерыя Раманенку, Ірыну Пятрову і Тараса Сургана аштрафавалі тады на 350 тысяч кожнага. Самы вялікі штраф атрымаў Леанід Аўтухоў.