viasna on patreon

Першы дзень праваабарончага кінафестывалю

2009 2009-12-08T15:16:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dek2.jpg

7 снежня ў Мінску па ініцыятыве актывістаў Руху “За Свабоду” стартаваў фестываль дакументальных фільмаў, прымеркаваны да сусветнага Дня правоў чалавека.

Менскіх гледачоў чакае паказ кінастужак на праваабарончую тэматыку, якія дэманстраваліся ўвесну 2009 года на чэшскім фестывалі "Адзіны свет".

Распачаўся фестываль паказам фільму “Маліцеся за вяртанне д’ябла ў пекла”, якая распавядае пра сумесную барацьбу мусульманскіх і хрысціянскіх жанчын у Ліберыі за спыненне грамадзянскай вайны ў краіне.

– Фільм цудоўны! Прыклад маленькай афрыканскай краіны, дзе праблема дасягнула такога ўзроўню, што ці краіне знішчыла б самую сябе, ці яе грамадзяне змаглі б знайсці нейкае выйсце. І прыклад таго, што жанчыны Ліберыі, якія сваімі мірнымі дзеяннямі змаглі пераламаць сітуацыю, на мой погляд найлепшы шлях паказаць тое, што калі людзі аб’ядноўваюцца, ставяць перад сабой пэўныя мэты, то ў іх усё атрымліваецца. Мы ж замыкаемся ў сваіх маленькіх праблемах і не заўважаем агульнай арганізацыі нашага жыцця, дазваляем маніпуляваць намі. Нам кажуць: “Жывіце ў сваіх маленькіх праблемах, не адчыняйце вочы”, і мы на гэта чапляемся, а гэта вельмі дрэнна. Таму такія кінапаказы могуць навучыць нас вучыцца думаць, параўноўваць нешта, аналізаваць тое, што Богам дадзена чалавеку, – кажа адзін з гледачоў, наведвальнікаў кінафестывалю.

Каардынатар фестывалю, Ірына Бохан дадае:
 
– Праз фільмы, якія мы падабралі для паказу, беларускія гледачы могуць пабачыць пазітыўны досвед у вырашэнні праблемаў звязаных з абаронай правоў чалавека. Спадзяемся, што паглядзеўшы на гэтыя прыклады людзі прыдбаюць веру ў сябе, у тое, што можна штосьці змяніць, калі штосьці рабіць. Таму што ў нашым грамадстве існуе, на жаль, такое паняцце, што кожны сам па сабе і кожны лічыць, што ён нічога ня можа змяніць.

Кінапаказы ў рамах фестывалю будуць праходзіць штодзень а 18:30 у канферэнц-залі гатэлю Crown Plaza да 9-га снежня. Наведвальнікаў чакае паказ стужкі “Бірма VJ – Рэпартаж з закрытай краіны”, тэма якой прысвечаная працы мясцовых журналістаў ва ўмовах жорсткай дыктатуры Бірмы, а завершыцца кінафестываль паказам чэшскага фільму "Сіла бяссільных".

Уваход для наведвальнікаў на мерапрыемства безкаштоўны.

 Артыкул пра першы дзень праваабарончага кінафестывалю таксама тут

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства