viasna on patreon

Журналістка Юлія Дарашкевіч: «Я такога свавольства даўно не бачыла…»

2009 2009-10-30T15:35:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zabaronena.jpg

Увечары 29 кастрычніка за фатаграфаванне бела-чырвона-белых сцягоў, вывешаных на праспекце Незалежнасці ў Мінску актывістамі кампаніі «Еўрапейская Беларусь», міліцыя затрымала фотакарэспандэнтаў, сябраў ГА «БАЖ» Юлію Дарашкевіч («Наша Ніва») і Уладзіміра Грыдзіна (пазаштатны карэспандэнт Радыё «Свабода»).

Як распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» Уладзь Грыдзін, ён нават не паспеў зрабіць ніводнага фотаздымка. Пасля 19.00 ён выйшаў з машыны ў раёне Уручча і збіраўся распачаць здымкі, калі да яго падбеглі міліцыянты, заламалі рукі і гвалтам пасадзілі ў машыну. На журналісцкае пасведчанне (бэдж БАЖ) Уладзіміра Грыдзіна міліцыянты не зважалі. Па дарозе ў РУУС Першамайскага раёна яго білі па патыліцы, пагражалі фізічнай расправай. У пастарунку ў яго сілай забралі фотаапарат, некалькі разоў ударыўшы пры гэтым па тулаве і падрапаўшы тэхніку. Акрамя таго, у яго перагледзелі ўсе рэчы, узялі адбіткі пальцаў, знялі на фота і відэа — усё гэта без складання пратаколаў.

Пратрымаўшы журналіста ў РУУС больш за 3 гадзіны, яму вярнулі тэхніку і адпусцілі. 30 кастрычніка Уладзімір Грыдзін напісаў скаргу на дзеянні міліцыянтаў у РУУС Першамайскага раёна Мінска, а найбліжэйшым часам мяркуе паскардзіцца і ў больш высокія інстанцыі.

Юлія Дарашкевіч пакуль не складала ніякіх скаргаў, але настойліва абараняла свае правы ў пастарунку.

Журналістку таксама затрымалі на праспекце Незалежнасці каля 19.20, калі яна рабіла фотаздымкі вывешаных сцягоў. Да яе пад’ехалі на машыне міліцыянты, не зважаючы на прад’яўленае пасведчанне, груба запіхалі ў машыну і адвезлі ў Першамайскі РУУС.

Як распавяла БАЖ Юлія, усіх затрыманых (некалькіх маладых людзей і фотажурналіста Уладзіміра Грыдзіна) сабралі ў «зале прафілактыкі», дзе з імі было яшчэ 8 міліцыянтаў, ніхто з якіх не назваў сябе. Некаторыя былі з аўтаматамі.

Ва ўсіх затрыманых забралі тэлефоны. Як і ва Уладзіміра Грыдзіна, у Юліі Дарашкевіч міліцыянты забралі фотаапарат. Журналістка запатрабавала складання пратакола вынятку, выклікаўшы тым самым смех і грубыя жарты на свой адрас з боку міліцыі. Міліцыянты загадалі ёй выкласці з сумкі ўсе рэчы і склалі іх спіс. «Я была ўпэўненая, што мяне павязуць у спецпрымальнік на Акрэсціна — забралі нават шнуркі і заручальны пярсцёнак».

У Юліі таксама збіраліся ўзяць адбіткі пальцаў і паставіць на «відэаўлік». Аднак журналістка прадэманстравала добрае веданне сваіх правоў. Заявіўшы, што прымусовай дактыласкапіі падлягаюць толькі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, яна запатрабавала складання пратакола —«каб хоць ведаць, за што мяне прыцягваюць».

«Відаць, скаладаць пратаколы на журналістаў у іх не было загаду — яны хацелі без усялякіх папер абшукаць, „адкатаць пальцы“ і паставіць нас на ўлік», — мяркуе Юлія Дарашкевіч. Па словах журналісткі, нават складзены спіс яе рэчаў ёй на подпіс не давалі.

Праз амаль 4 гадзіны хаджэння па розных кабінетах — каля 23.30 — Юлію Дарашкевіч адпусцілі. Па словах журналісткі, асабісты аўтамабіль, які яна пакінула на месцы затрымання, на эвакуатары прывезлі да Першамайскага РУУС і не вярталі ёй дакументаў, пакуль не правялі поўнага дагляду машыны.

«Гэта абуральныя паводзіны, якія нельга пакінуць беспакаранымі, — лічыць намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Мы да сёння не атрымалі ўцямных адказаў на нашы звароты наконт нядаўніх парушэнняў журналісцкіх правоў і будзем зноў звяртацца ў МУС і Пракуратуру РБ, у тым ліку па гэтых новых фактах. Лічу, што журналістам трэба таксама накіраваць асабістыя скаргі ў органы пракуратуры. БАЖ гатовы аказаць у гэтай справе садзеянне».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства