viasna on patreon

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна” з нагоды выкраданняў грамадскіх актывістаў

2009 2009-12-08T17:03:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі з мэтанакіраванымі выкраданнямі актывістаў моладзевых арганізацыяў прадстаўнікамі беларускіх сілавых ведамстваў.  

На працягу апошняга года ахвярамі выкраданняў прадстаўнікамі сілавых струуктур сталі лідэры і актывісты беларускіх моладзевых аб’яднанняў і рухаў - Артур Фінькевіч, Наста Палажанка, Дзяніс Карноў, Уладзімір Лемеш, Зміцер Дашкевіч і Яўген Афнагель.

Лідэр моладзевага аб’яднання “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч быў затрыманы 19 снежня 2008 года каля пад’езду ўласнага дому ў Менску. Маладога чалавека невядомыя ў цывільным гвалтам пасадзілі ў аўтамабіль, дзе пастаянна збівалі, вывезлі за горад і выштурхнулі з машыны ў лесе пад мястэчкам Ракаў Валожынскага раёну.

25 сакавіка 2009 года, за некалькі гадзін да пачатку акцыі, прымеркаванай да Дня Волі, актывісты «Маладога фронту» Наста Палажанка і Дзяніс Карноў былі схоплены каля станцыі метро “Каменная горка” ў Менску невядомымі людзьмі ў цывільным і вывезены за горад. Пры гэтым Дз. Карнова збівалі, парэзалі ягоныя джынсы і забралі грошы.

Пасля гэтых інцыдэнтаў па заявах пацярпелых былі заведзеныя крымінальныя справы, аднак злачынцаў міліцыя не знайшла. Варта адзначыць, што пра неэфектыўнасць дзеянняў следчых органаў і нежаданне караць вінаватых сведчыць той факт, што Наста Палажанка і Дзяніс Карноў па фотаздымку апазналі чалавека, які кіраваў іх выкраданнем – ім аказаўся Аляксандр Леаненка, супрацоўнік спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам МУС РБ «Алмаз».

27 лістапада бягучага года напярэдадні акцыі, прысвечанай гадавіне Слуцкага збройнага чыну, актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Уладзіміра Лемеша схапілі невядомыя ў цэнтры Менску, надзелі на рукі кайданкі, а на галаву насунулі шапку, каб ён не бачыў дарогі, і на аўтамабілі без нумарных знакаў вывезлі за горад. У маладога чалавека адабралі пашпарт і мабільныя тэлефоны, бел-чырвона-белы сцяг, партрэты кіраўнікоў Слуцкага паўстання. Недзе за 25 кіламетраў ад Слуцка актывіста адпусцілі.

5 снежня 2009 года на лідэра “Маладога Фронту” Зміцера Дашкевіча каля ягонай кватэры напалі двое невядомых у цывільным і зацягнулі ў мікрааўтобус. На вочы яму былі нацягнутыя дзве шапкі, каб ён не бачыў дарогі, і яго павезлі за горад у невядомым накірунку. У лесе, куды быў завезены З. Дашкевіч, праз рукавы паліто яму працягнулі жэрдку, каб ён не мог пэўны час нармальна рухацца, знялі з яго галавы шапкі і з’ехалі. Высветлілася, што моладзевы лідэр быў вывезены на адлегласць каля 70 кіламетраў ад сталіцы.

6 снежня 2009 года актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель быў схоплены людзьмі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску. Яго пасадзілі ў машыну, загадалі нахіліць галаву на калені і так хвілін 20 вазілі па горадзе, а потым павезлі ў бок Барысаўскай трасы. Праз некалькі кіламетаў аўтамабіль спыніўся і Я. Афнагелю выкрадальнікі загадалі выйсці. Перад тым як з’ехаць, невядомыя забралі ў яго батарэю мабільнага тэлефона.

Мы, адзначаем, што дадзеныя дзеянні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў маюць заведама незаконны характар і з’яўляюцца адной з формаў палітычнага пераследу і ціску на грамадзянаў у сувязі з іхняй грамадска-палітычнай дзейнасцю.

Выкраданні і захопы грамадзянаў прадстаўнікамі  спецслужбаў з’яўляюцца адвольнымі, палітычна-матываванымі затрыманнямі грамадзянаў і  грубейшым парушэннем правоў чалавека, у прыватнасці,  парушаюць асабістую недатыкальнасць і свабоду.

Мы заклікаем улады аб’ектыўна і ўсебакова расследаваць выпадкі выкраданняў моладзевых актывістаў і пакараць вінаватых.

Мы лічым недапушчальным любы пераслед палітычных апанентаў у дэмакратычным грамадстве, тым больш калі ён набывае рысы крымінальнага злачынства.

 

Менск, 7 снежня 2009 года

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства