Гомельскія ўлады адмовілі ў правядзенні пікета 10 снежня
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка і член Партыі БНФ Анатоль Паплаўны падавалі заяўку ў гарвыканкам на правядзенне пікета да Дня правоў чалавека, што адзначаецца 10-га снежня. Сёння актывісты атрымалі адказ на сваю заяўку, распавёў Рацыі Леанід Судаленка:
- Гарвыканкам не дазволіў правесці гэтае мерапрыемства і мы будзем вырашаць, што рабіць у гэты дзень. Мы планавалі распаўсюджваць у Гомелі сам тэкст дэкларацыі і таксама іншую літаратуру прысвечаную правам чалавека. Яны ў адмове спасылаюцца на тое, што трэба дамаўляцца і з міліцыяй і як з арэндай, а таксама і з хуткай дапамогаю. Паколькі мы такіх дамоваў не маем, то ўлады лічаць забарону правамернай.
Леанід Судаленка кажа, што ў любым выпадку ён плануе 10-га снежня выйсці на вуліцу і раздаваць мінакам тэксты дэкларацыі па правах чалавека. Таксама гомельскія актывісты будуць звяртацца ў суд з прычыны ўжо не першай адмовы ў правядзенні мерапрыемстваў прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці.