viasna on patreon

Звольнілі дырэктарку “Акадэмкнігі”

2009 2009-11-23T15:37:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

З Соф’яй Антонаўнай Жыбулеўскай, якую ведае кожны мінскі кнігалюб і пісьменнік, проста не працягнулі кантракт і нават не сказалі “дзякуй”.

Соф’ю Антонаўну Жыбулеўскую ведае кожны мінскі кнігалюб альбо літаратар. Варта пабачыць найлепшы ў Мінску асартымент беларускіх кніг, каб зразумець, што тут ёсць вялікая заслуга кіраўніцы кнігарні. Да таго ж, “Акадэмкніга” — рэдкая кніжная крама, якая ахвотна прымае на камісію кнігі ад саміх пісьменнікаў. Выбар навуковай і даведачнай літаратуры тут — найлепшы ў краіне. Цяпер ужо былая дырэктарка Соф’я Жыбулеўская ўзначаліла “Акадэмкнігу” ў 1997 годзе. І ёй давялося адраджаць кнігарню практычна з нуля.

За 12 гадоў, якія Соф’я Антонаўна ўзначальвала кнігарню, сітуацыю ўдалося выправіць, вельмі хутка “Акадэмкніга” стала ці не самай вядомай кніжнай крамай у краіне. Неверагодна, але таваразварот “Акадэмкнігі” практычна зраўняўся з таваразваротам кнігарні “Светач”, чые плошчы, увага, у 3,5 разы большыя! Вытворчасць працы на аднаго супрацоўніка і таваразварот на квадратны метр плошчы ў “Акадэмкнізе” — самы высокі ў краіне! Але славутую дырэктарку нечакана звальняюць.

Супрацоўнікі кнігарні, калі даведаліся пра звальненне дырэктаркі, напісалі калектыўны ліст кіраўніку Акадэміі навук Міхаілу Мясніковічу — бо менавіта Акадэміі навук падпарадкоўваецца “Акадэмкніга”. Але адказу не атрымалі.

Легендарную дырэктарку кнігарні “Акадэмкніга” Соф’ю Жыбулеўскую кіраўнік Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч звольніў без тлумачэння прычынаў, проста не працягнуўшы кантракт. Соф’я Антонаўна паўстала супраць перадачы кнігарні ў рукі структуры “Беларуская навука”, баючыся, што кнігарня страціць самастойнасць, а на паліцах з’явіцца розная макулатура. Выглядае, што пры перадзеле ўплываў прынцыповая дырэктарка паўстала перашкодай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства