Звольненыя выкладчыкі Інстытуту сучасных ведаў патрабуюць кампэнсацыі
Выкладчыкі ліквідаванай сёлета філіі Інстытуту сучасных ведаў у Горадні намагаюцца ў судзе Першамайскага раёну сталіцы дабіцца грашовай кампэнсацыі за звальненьне з працы. Яны патрабуюць прызнаць скасаваньне працоўнай дамовы несапраўднай. Інстытут сучасных ведаў заснавалі ў 1990 годзе і ён быў першай небюджэтнай вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтавала спэцыялістаў гуманітарных прафэсій.
Інстытут сучасных ведаў меў тры філіі – у Горадні, Віцебску і Берасьці. Сёлета напрыканцы навучальнага году выкладчыкам паведамілі, што працоўныя дамовы скасаваныя і ў выніку ліквідацыі філій, усе звольненыя з працы. Толькі ў Горадні на вуліцы апынуліся 73 выкладчыка разам з лабарянтамі . 30 з іх зьвярнуліся ў суд, каб прызналі іх звальненьне незаконным. Выкладчыкі абураюцца, што іх ніхто не папярэдзіў аб звальненьні. Яны потым даведаліся, што рэктар інстытуту пагадзіўся з рэкамэндацыяй Міністэрства адукацыі ліквідаваць свае філіі.
У Горадні тры вышэйшыя навучальныя ўстановы: мэдычны інстытут, аграрны і дзяржаўны ўнівэрсытэт. Паколькі выкладчыкі спэцыялізуюцца на гуманітарных дысцыплінах, яны могуць знайсьці сабе працу толькі ва ўнівэрсытэце. Але не 73 чалавекі. Людзі шукаюць сабе працу. Няшмат каму ўдалося ўладкавацца на чвэрць стаўкі ў розныя ўстановы. Выкладчыца гісторыі Беларусі, культуралёгіі і паліталёгіі, кандыдат гістарычных навук, Натальля Сьліж лічыць, што яна, як аўтарка сур’ёзных навуковых публікацыі, удзельніца міжнародных навуковых канфэрэнцый і выкладчыца з пэдагагічным стажам, не мусіць працаваць настаўніцай у звычайнай школе, бо гэта будзе зьніжаць яе прафэсійны ўзровень.
Ларыса Шапавалава выкладала юрыдычныя дысцыпліны. Яна паведаміла Радыё Свабода, што наймальнік – адміністрацыя Інстытуту сучасных ведаў – груба парушыў правы выкладчыкаў, калі з уласнае ініцыятывы скасаваў працоўныя дамовы, не папярэдзіў своечасова людзей аб звальненьні і па-сутнасьці выкінуў іх на вуліцу без матэрыяльнай кампэнсацыі.
20 кастрычніка аднаму з выкладчыкаў суд ужо адмовіў у задавальненьні пазову. Пазовы яшчэ трох чалавек пачалі разглядаць, але рашэньне пакуль не прынятае. Раней выкладчыкі зьвярталіся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Яны паведамілі, што адказ іх уразіў. Ім напісалі, што ўзровень выкладчыкаў і ведаў студэнтаў не адпавядае агульнапрынятаму ўзроўню. Гэта пры тым, што напярэдадні ліквідацыі філіі ўсе прайшлі атэстацыю і былі акрэдытаваныя на наступны год.
Пасьля заканчэньня першага судовага паседжаньня выкладчыкі ўжо пачалі губляць веру ў станоўчы. Адна з іх, выкладчыца Ірына Шутава, паведаміла: “Толькі што мы былі сьведкамі таго, як з будынку суду выйшла спачатку адказьніца у нашым працэсе, села ў машыну. Праз пару хвілінаў выйшла пракурор, якая ўдзельнічае ў нашым судовым паседжаньні, і села ў машыну адказьніцы. Яны разам з’ехалі. Я лічу, што гэта ёсьць яўным доказам таго, што працэс не аб’ектыўны.”
У гарадзенскай філіі Інстытуту сучасных ведаў вучыліся каля 600 студэнтаў. Прыкладна столькі ж ў Віцебску і ў Берасьці. Студэнты разышліся па розных навучальных установах. У значна горшым становішчы апынуліся іх былыя выкладчыкі. У суд зьвярнуліся толькі 30 выкладчыкаў з Горадні. Але ў канцэлярыі суду кажуць, што пачалі прыходзіць пазовы ад іншых. Хутчэй за ўсё, пасьля таго, як будуць прынятыя судовыя рашэньні ў першых справах, астатнія вызначацца, ці варта адстойваць свае правы ў судзе.