viasna on patreon

Моладзевы форум сарваны дзякуючы валожынскай міліцыі

2005 2005-10-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 кастрычніка тры мікрааўтобусы маладых людзей накіраваліся з Менску ў Гародню, каб узяць удзел у Моладзевым форуме. Сярод затрыманых — прадстаўнікі розных гарадоў Беларусі і розных арганізацыяў ды ініцыятываў: Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Студэнцкага эўрапейскага форуму, скаўцкіх арганізацыяў ды іншых.

Паводле аднаго з затрыманых Васіля Лепша, ДАІ спыніла тры мікрааўтобусы недалёк Валожыну каля 9-й раніцы. Затрыманыя правялі ў мясцовым райаддзеле міліцыі каля чатырох гадзінаў. Афіцыйнай прычынай затрыманьня названае правядзеньне спэцмерапрыемства ў сувязі з нядаўнімі выбухамі ў Віцебску, і ў якасьці перастрахоўкі былі прынятыя дадатковыя меры – затрымаць і праверыць аўтобусы.

Пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода да міліцыянтаў “За што затрымалі групу маладых людзей?” засталося без адказу: на другім баку кінулі слухаўку.

Пазьней у інтэрвію інтэрнэт-парталу “Хартыя’97” начальнік валожынскай міліцыі падпалкоўнік Сіняўскі патлумачыў дзеяньні міліцыі тым, што ў аўтобусах ехалі непаўналетнія без суправаджэньня бацькоў.

А вось меркаваньне Васіля Лепеша пра прычыны інцыдэнту: “Менавіта спынілі нашу машыну, усе астатнія праяжджалі безь перашкодаў. Рэчы не правяралі, хаця ў нас там поўныя торбы… Іх нават не цікавіла зьмесьціва нашых рэчаў. То бок, іх мэта была затрымаць, каб мы не даехалі да месца прызначэньня”.

У выніку затрыманьня групы ўдзельнікаў пад Валожынам Моладзевы форум у Горадні быў сарваны. Арганізатар мерапрыемства Сьвятлана Каралёва патлумачыла: “Зразумела, што гэта яшчэ адзін паказьнік таго, як складана арганізоўваць працэсы ў Рэспубліцы Беларусь. Форум будзе перанесены, бо задача форуму — кансалідацыя моладзевых арганізацыяў. А таксама пошук эфэктыўнага шляху ўзаемадзеяньня і працы ў Беларусі”.

Сьвятлана Каралёва ўзначальвае Нацыянальную раду моладзевых і дзіцячых арганізацыяў. Калі адбудзецца паўторная спроба зладзіць Моладзевы форум, пакуль невядома.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства