Ці паказала Беларусь прагрэс у выкананні ўмоў Еўрасаюза?
Праваабаронцы, палітолагі і журналісты ацанілі змены па пяцібальнай шкале.
У аўторак 17 лістапада у Бруселі Савет ЕС агучыць рашэнне, ці застануцца на наступныя паўгода ўязнымі ў ЕС шэраг беларускіх чыноўнікаў, а з імі і Аляксандр Лукашэнка. Візавыя санкцыі на ўезд у краіны ЕС ім былі замарожаныя год таму. У той самы час, у кастрычніку 2008 года, Еўрапейская Камісія вызначыла пяць галоўных умоваў, якія беларускі ўрад мусіць перш за ўсё выканаць дзеля паляпшэння адносін. Прагрэс менавіта па гэтых умовах паслужыць асновай для прыняцця рашэння па візавых санкцыях.
Пачнем. Умова першая — заставацца краінай без палітычных зняволеных. Еўрарадыё распытала старшыню аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хельсінскі камітэт" Алега Гулака.
Нагадаем, што летам 2008 года ўлады вызвалілі палітычных зняволеных Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Казуліна. Калі параўноўваць з тым часам, то, паводле слоў Гулака, тады “у кожным выпадку сітуацыя стала лепш”. Але ж нас цікавіць прагрэс ад восені 2008 года.
Алег Гулак: “Тут ёсць зрухі толькі адмоўныя. Сітуацыя з Дубскім дае нам падставы для сур'ёзнай занепакоенасці і крытыкі. У параўнанні з кастрычнікам 2008 года, кастрычнік-лістапад гэтага года — горш. Можна сказаць, што той прагрэс, які быў дасягнуты ўвосень мінулага года, на гэтым спыніўся. Я б пяцібальную шкалу не ўжываў, а проста казаў бы, лепш ці горш. Вось, стала горш”.
Згодна з прапановай эксперта пакідаем гэтую умову без адзнакі, бо ацэньваць няма чаго. Пры гэтым Еўрарадыё звяртае ўвагу на дадзеныя праваабарончага цэнтру “Вясна”: “за першыя 6 месяцаў 2008 года да “палітычнага” адміністратыўнага арышту быў асуджаны 131 правапарушальнік. За наступныя паўгода — 15 чалавек”. Найбольш відавочныя змены, калі параўноўваць па колькасці адміністратыўна-палітычных арыштаў 2007, 2008 і 2009 гады:
2007 год — 148 выпадкаў.
2008 год — 146 выпадкаў.
2009 год — 8 выпадкаў.
Умова другая — гарантаваць свабоду выражэння для СМІ. Прагрэс у гэтай сферы Еўрарадыё папрасіла ацаніць старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жану Літвіну.
Жана Літвіна: “Мы вельмі аптымістычна былі настроеныя, калі пэўныя крокі пачалі ажыццяўляцца год таму. Але ў сярэдзіне года ўжо было зразумела, што гэта не будзе насіць характару сапраўды прынцыповых, грунтоўных зменаў. Таму адзнака недзе 1–2”.
Адзначым, што Жанна Літвіна ацаніла прагрэс за дзень да таго, як стала вядома, што Еўрарадыё дазволілі адчыніць карпункт у Мінску.
Умова трэцяя — працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэформе выбарчага права. Эксперт у гэтай галіне — юрыст Сяргей Альфер:
“Калі судзіць з тых публікацый, якія ёсць у прэсе, супрацоўніцтва з АБСЕ амаль няма. Была створаная камісія, у якой быў адзін супрацоўнік АБСЕ, яна адзін альбо паўтара разы засядала. У выніку аказалася, што гэтая камісія, можа, штосьці нарабіла, але АБСЕ ніякіх вынікаў з працы гэтай камісіі не мела. Усе змены ў заканадаўства рабіла не гэта камісія, а, як я разумею, ЦВК. Але, з іншага боку, калі зыходзіць са слоў старшыні ЦВК Ярмошынай, тыя змены ў заканадаўства, якія плануюцца, часткова адпавядаюць прапановам, зробленым БДІПЧ АБСЕ. Напэўна, ад адзінкі да двойкі”.
Магчыма, прагрэс быў бы ацэнены і вышэй, калі б пра магчымыя змены было вядома не толькі са слоў кіраўніка ЦВК, але з праекта закону.
Наступная, чацвёртая ўмова — палепшыць умовы дзейнасці няўрадавых арганізацый. Гаворыць палітолаг, юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў:
“Напэўна, адзін-два балы. Умовы дзейнасці няўрадавых арганізацый не пагоршыліся. Але захавалася палітычная цэнзура пры стварэнні арганізацый. Напрыклад, калі вядомы праваабаронца альбо нейкі апанент рэжыму рэгіструе якое-небудзь аб'яднанне, то няважна, якая мэта дзейнасці ў яго будзе, змест дзейнасці і метады. Яе не зарэгіструюць толькі з-за таго, што гэты чалавек ёсць у спісах апанентаў улады. Адзіным адступленнем была рэгістрацыя Руху “За свабоду” ў канцы мінулага года. Гэта была адзіная рэч, дэманстратыўны крок. Увесну шэраг арганізацый падалі на рэгістрацыю — і сутыкнуліся са звыклымі праблемамі. Казаць пра рэгрэс не выпадае, ёсць невялічкія зрухі, нават на ўзроўні такіх дробных рэчаў, як новарэгістраваныя ўстановы. Некаторыя крокі былі, напэўна, нават два балы”.
І, нарэшце, пятая ўмова — забяспечыць свабоду сходаў і палітычных аб'яднанняў. Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак:
“У гэтай сферы практычна ўсё засталося на тым жа ўзроўні. Праблемы застаюцца. Праблемы не вырашаныя. Але адчуванне мяняецца”.
Працягвае Юры Чавусаў: “Паводле артыкулу 193-1 (дзейнасць ад імя не зарэгістраванай арганізацыі), мы чуем рыторыку, вось-вось рыхтуем варыянт замены, але да рэальных крокаў тут пакуль не дайшло, законапраекту ў парламенце няма. Але наогул, напэўна, на 2 балы нацягнуць можна”.
Ці дазволіць Савет ЕС і далей ездзіць па Еўропе беларускім чыноўнікам і Лукашэнку з такой паспяховасцю? Менавіта рашэнне Савета ЕС, якое будзе агучанае ў аўторак 17-га лістапада, вызначыць будучыню адносінаў Беларусі і Еўрасаюза. Свежыя рэпартажы з самога Бруселя, каментарыі еўрапейскіх экспертаў, падзеі Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства — у штогадзінных абнаўленнях старонкі "Клікні Еўропу"!