Затрыманых “за сьцягі” вінавацяць у “нецэнзуршчыне”
Алега Ладуцьку пакаралі штрафам у 30 базавых велічыняў.
Галіну Пярвушыну судзьдзя Перашамайскага суду Менску Вольга Багамьян пакарала штрафам на 15 базавых велічыняў.
13.30 Пачаўся працэс над Галінай Пярвушынай. Многіх людзей не пускаюць у судовую залю.
13.10 Суд Першамайскага раённага суду аштрафаваў Насту Аскерку на 525 тысяч рублёў за “нецэнзурную лаянку”. Наста абурана пастановай суду, і паведаміла, што будзе яе абскарджваць.
12.54 Наста Аскерка паведаміла Свабодзе, што яе ў судзе абвінавацілі ў тым, што яна нецэнзурна лаялася. Яна абвергла паказаньні міліцыянтаў, і сьцьвярджала, што менавіта супрацоўнікі міліцыі ўвесь час падчас затрыманьня ўжывалі нецэнзурныя выразы. Насту абурае, што яе затрымалі за тое, што яны вывешвала бел-чырвона-белы сьцяг, але абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
Cёньня ў судзе Першамайскага раёну Менску разглядаюцца справы актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, якія вывесілі 29 кастрычніка каля ста бел-чырвона-белых сьцягоў на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. Учора былі затрыманы Галіна Пярвушына, Наста Аскерка і Павал Ладуцька.