Таварыства аховы помнікаў бароніць сядзібу ў Лошыцы
Старшыня таварыства аховы помнікаў зьвярнуўся ў Менгарвыканкам у сувязі з парушэньнем заканадаўства пры рэстаўрацыі Лошыцкай сядзібы ў Менску.
Як перадае БелаПАН, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуўся ў Менгарвыканкам у сувязі з парушэньнем заканадаўства пры рэстаўрацыі помніка архітэктуры нацыянальнага значэньня — будынка Лошыцкай сядзібы ў Мінску.
А.Астаповіч, у прыватнасьці, паведамляе, што пасьля дэмантажу зрубавых канструкцый правага крыла будынка пачаліся работы па аднаўленьні раней разабраных фрагмэнтаў сядзібы. У працэсе рэстаўрацыі выкарыстоўваюцца не аўтэнтычныя матэрыялы (драўляныя элемэнты зрубу, якія захавалі трываласьць), а новая непрасушаная драўніна са сьлядамі грыбковай цьвілі, што, паводле Антона Астаповіча, зьяўляецца парушэньнем артыкулаў 28, 29, 30 і 32 закону "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 9 студзеня 2009 году.
Калі "зрубавыя сьцены сядзібнага дома першапачаткова былі складзены з абчасанага на два канты брусу, то цяпер выкарыстоўваюцца бярвёны-круглякі", гаворыцца ў лісьце.
Яго аўтар адзначае, што пры аднаўленьні будынка парушаюцца агульнапрынятыя міжнародныя мэтодыкі і палажэньні нацыянальнага заканадаўства па ахове і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, бо зьмена іх канструктыўных элемэнтаў дапускаецца толькі па рэкамэндацыі Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (артыкул 33 закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь").
Сядзіба зьяўляецца цэнтрам Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу XVIII—XIX стагодзьдзяў на паўднёвай ускраіне Менску пры зьліцьці рэчак Сьвіслачы і Лошыцы. У пісьмовых крыніцах першая згадка пра сядзібу датуецца канцом XVI — пачаткам XVII стагодзьдзяў. У гэтым доме ў свой час бывалі многія вядомыя дзеячы беларускай культуры, у тым ліку клясык айчыннай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.