Справа аб збіцці прафесара Андрэя Каляды закрыта
У Савецкім РУУС Менска заяўляюць, што справа аб збіцці Андрэя Каляды закрыта ў сувязі «з адсутнасцю ў дзеяннях падследчага склада злачынства».
Пра тое, што адбылося з Андрэем Калядой у Дзень перамогі 9 траўня, пісаў яго зяць, вядомы беларускі драматург, кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін у сваім блогу.
Механізм закрыцця справы быў для праваахоўных органаў няпростым – першы следчы, які вёў справу, практычна скончыў працу, падрыхтаваў дакументы для перадачы ў суд. Але быў зменены на «старэйшага следчага па АУС следчага аддзела папярэдняга расследавання Савецкага РУУС г.Менска, маёра міліцыі Н.В.Жэгздрыну», якая, зрабіўшы некалькі званкоў па тэлефоне, і, правёўшы дзве размовы, прычым, адну з іх – з жонкай прафесера Т.М.Калядой, якая па справе на праходзіла, закрыла справаводства.
Камунікацыя сваякоў пацярпелага з Жэгздрынавай звялася да адзінай тэлефоннай размовы. Яна патэлефанавала ў той момант, калі дачка прафесара Наталля Каляда і яе муж Мікалай Халезін былі на гастролях у Вашынгтоне, і папрасіла прадставіць спіс усіх супрацоўнікаў «Свабоднага тэатра», якія выязжалі на гастролі пасля здарэння, якое адбылося. Зразумелага адказа на пытанне «якое дачыненне гэта мае да справы?», следчы патлумачыць не здолела, сказала толькі, што «трэба іх апытаць».
Як піша сёння ў сваім блогу kilgor-trautt.livejournal.com Мікалай Халезін, у сувязі з закрыццём справы ўзнікаюць некалькі пытанняў:
Чаму новы следчы не апытала ўсіх пацярпелых, якія фігуруюць у справе?
Чаму адбылася змена следчага?
Ці магчыма закрыццё справы, калі ў ім фігуруе медыцынскае заключэнне аб нанесеных пабоях?
Чаму пракуратура, якая наглядае за вядзеннем следства, дазволіла ціха закрыць справу?
На думку Халезіна, зараз сталі зразумелыя фразы «падследчага», які сказаў падчас інцыдэнта: «У міліцыю не тэлефануйце – я сам адтуль», а падчас следства: «На што вы спадзяецеся – вы ж апазіцыя?». Прычым, тэкст «пра апазіцыю» бессаромна фігуруе як у пратаколах допытаў, так і ў матэрыялах вочнай стаўкі.
Пытанні пра справядлівасць у Беларусі можна задаваць доўга, але зразумела адно – бессэнсоўна спадзявацца на абарону праваахоўных органаў у краіне, калі ўсе іх высілкі скіраваныя на забеспячэнне бяспекі аднаго чалаека.