viasna on patreon

“Абараніце маю дачку ад псыхіятра!”

2009 2009-10-19T09:01:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psihiatryja.gif

На Магілёўшчыне канфлікт з удзелам міліцыі і псыхіятраў. Сям’я Ганчароў з райцэнтру Краснапольле зьвярнула да праваабаронцаў і журналістаў недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі з просьбай абараніць іх непаўнагадовую дачку Людмілу ад мэдыкаў і міліцыі. Сямейнікі сьцьвярджаюць, што лекары пры дапамозе міліцыі намагаюцца прымусова пакласьці Людмілу ў магілёўскую псыхіятрычную лякарню.
Пра спробу шпіталізацыі дзяўчынкі паведаміла яе старэйшая сястра Вольга. Паводле спадарыні Вольгі, пры канцы дня ў мінулы чацьвер двое міліцыянтаў і мэдык-псыхіятар наведаліся да хаты ейнай маці:

“Запыталі, дзе вашая дачка. Яна адказала, што сышла. “Нашто яна вам?” “Мы яе забіраем”. “Куды забіраеце? Як вы можаце яе забраць?” Абурацца стала. Гэты лекар тады міліцыянтам сказаў: “Трымайце яе!”. Ёй заламалі рукі і праз спартовыя штаны зрабілі ўкол”.

Пасьля здарэньня на мэдыка й міліцыянтаў былі напісаныя скаргі. Паводле слоў спадарыні Вольгі, пасьля ўколу маці адчувае сябе надзвычай кепска. Яна ўвесь час сьпіць. Сястру ж, Людмілу, хаваюць у сваякоў, каб яе ня выкралі.

Год таму Людмілу моцна зьбілі яе аднаклясьніцы. Сьведкамі гэтага былі настаўнікі, якія яе тады абаранілі:

“Увесь твар ёй тады падрапалі. Яны ляжала ў бальніцы 12 дзён. І вочы ёй хацелі выдраць. Проста пальцамі туды… Гэта было жахліва, калі яе зьбілі. Настаўнікі тады выклікалі хуткую дапамогу. Гэтых дзяўчынак тады толькі паставілі на ўлік. Яны прастаялі дужа мала. Адна з іх была дачка міліцыянта”.

Пасьля зьбіцьця Людміла не выходзіць з дэпрэсіі, увесь час плача. Схуднела. Неўзабаве Чэрыкаўскі раённы суд разгледзіць пазоў сям’і Ганчароў. Праз суд яны будуць намагацца кампэнсацыі маральнай і фізычнай шкоды, нанесеных дзяўчатамі, якія зьбівалі Людмілу.

Пагаварыць з псыхіятрам, які наведваў сям’ю Ганчароў, не ўдалося. У раённым аддзеле міліцыі паведамілі, што менавіта ён зьвяртаўся з заяўкай па іх дапамогу і ён кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў:

“Улічваюччы тое, што Ганчары пачалі неадэкватна сябе весьці, калі судзіць па заключэньні доктара, ім было прынятае рашэньне, каб зрабіць супакойваючы ўкол. Супрацоўнікі міліцыі троху “прыдзержылі” грамадзянку і ёй зрабілі ўкол”,-- зазначыў у тэлефоннай гутарцы начальнік аддзелу Віталь Янкоў.

Ці законнымі былі дзеяньні мэдыка? Чаму ён зь міліцыянтамі наведаўся да Ганчароў увечары і чаму так учыніў з маці, якая проста бараніла сваю дачку.

“Псыхіятар паводле паперы, якая прыйшла з Магілёва ад дзіцячага псыхіятра, ехаў за дзяўчынкай. Ніхто ж ня ехаў з такімі плянамі, каб зрабіць маме ўкол і заламаць ёй рукі. Дзяўчынка гэтая можа зрабіць шкоду сабе, для пабочных людзей яна не ўяўляе небясьпекі. Каб раптам нечага не здарылася ў дарозе, каб можна было аказаць дапамогу, бярэцца фельчар, якія яе суправаджае, і міліцыянэр”,-- паведаміла прадстаўніца адміністрацыі Краснапольскага раённага шпіталя”.

Крычаўскі праваабаронца і журналіст Мікалай Гердзі таксама меў справы зь беларускай псыхіятрыяй. Вось яго меркаваньне:

“Згодна зь дзеючым заканадаўствам псыхіятрычная дапамога павінна аказвацца, калія яна не наносіць траўмы хвораму. Тут яўнае перавышэньне паўнамоцтваў з боку доктара. З пункту гледжаньня маралі і закону супрацоўнікі міліцыі таксама наўрад ці сябе вялі законапаслухмяна. Ім наўрад ці варта было ісьці на паваду ў псыхіятра”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства