Баранавіцкія праваабаронцы скардзяцца ў пракуратуру
Баранавіцкія праваабаронцы намагаюцца праз праваахоўныя органы спыніць ганебную практыку забароны масавых мерапрыемстваў мясцовымі ўладамі. Сяргей Гоўша, Карней Пятровіч і Віктар Сырыца падрыхтавалі заяву ў пракуратуру Баранавіцкага раёна з нагоды чарговай адмовы ў пікеце.
Па словах Сяргея Гоўшы, яны абураны самой формай адказу: “ваша заява аб правядзенні пікету ў горадзе Баранавічы не адпавядае дзейсным нарматыўным актам”. У сваёй заяве ў пракуратуру праваабаронцы звяртаюць увагу, што ім зусім не паведамлена, у чым справа, які нарматыўны акт яны парушылі. Таксама ўказваюць пра парушэнне тэрміну адказу. Згодна закона, адказ павінен быў прыйсці за 5 дзён да правядзення мерапрыемства, а прыйшоў за 2 дні. Калі б нават і быў дазвол, то не хапіла б часу на падрыхтоўку пікету, для таго, каб паведаміць у прэсу і г.д.
За дазволам на пікет праваабаронцы звярнуліся ў Баранавіцкі гарвыканкам 24 верасня бягучага года. Мэтай пікетавання было прыцягненне ўвагі грамадскасці і ўладаў да праблемы смяротнага пакарання ў краіне.