Палітык патрабуе прыцягнуць да адказнасьці ілжэсьведкаў-міліцыянтаў
14 кастрычніка старшыня Гомельскага аддзяленьня “Руху “За Свабоду” Ўладзімер Кацора зьвярнуўся ў абласную пракуратуру з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія ілжэсьведчаць у рапартах па факту яго затрыманьня 16 верасьня. На падставе ілжывых рапартаў распачата адміністрацыйная справа супраць яго самога й шэрагу іншых гомельскіх грамадзкіх актывістаў. Сямёра зь іх напярэдадні аштрафавалі на 20-40 базавых велічыняў.
Палітык накіраваў таксама заяву на імя старшыні суду Чыгуначнага раёну Гомеля з адмовай удзельнічаць у судовым разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы. Позву ў суд на 13 кастрычніка Ўладзімер Кацора атрымаў толькі 14 кастрычніка на пошце заказным пісьмом.
“Суд, — піша ў лісьце на імя старшыні суду спадар Кацора, — не шукае ісьціну: адхіляе хадайніцтвы пра далучэньне да справы матэрыялаў апэратыўнага міліцэйскага відэазапісу, ігнаруе відавочныя й бясспрэчныя фотаздымкі й сьведчаньні з нашага боку пра тое, што ніхто з фігурантаў адміністрацыйнага працэсу не ўчыняў прыпісаных ім правапарушэньняў”.